Мацярынскі боль не сціхае…

+++1-я+++1

— Чацвёртае дзесяцігоддзе слова “Афганістан” у нашых людзей асацыіруецца са страшным словам “вайна”, — так пачаў сваё выступленне на мітынгу ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам старшыня райвыканкама Алег Таргонскі. Адпраўляючы сыноў у армію, сэрцы маці калаціліся трывожна: “Толькі б не ў Афганістан…”

+++1-я+++2

+++1-я+++3

9 гадоў і 51 дзень доўжылася тая вайна для савецкіх салдат. 15 лютага 1989 года была пастаўлена кропка. Толькі не ўціх боль. Шэсць слонімскіх хлопцаў загінулі на той вайне, чацвёра пахаваны ў слонімскай зямлі. І гэта не ўсе ахвяры. На жаль, парадзеў строй ветэранаў Афганскай вайны, якія былі яшчэ ў росквіце сіл. За 26 гадоў пасля вайны на Слонімшчыне дачасна пайшлі з жыцця 70 былых воінаў-афганцаў. Раны фізічныя і псіхалагічныя зрабілі чорную справу. Сёння на Слонімшчыне жыве каля 250 чалавек, якія прайшлі праз Афганістан.

У мінулую суботу ў Слоніме, ля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам, напярэдадні 26-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана, гучалі аркестр і аўтаматныя стрэлы, узнёслыя словы кіраўнікоў улады і воінаў-інтэрнацыяналістаў тым, хто чэсна выканаў загад. Ліліся слёзы маці Сяргея Мысліўца, Уладзіміра Комлева, Анатоля Скока (родныя і блізкія Мікалая Кузьміцкага, Анатоля Супруна і Івана Ясюкевіча не змаглі прыехаць на мітынг) па загінуўшых сынах. Да памятнага знака ляглі шматлікія кветкі, вянкі. Памяць жыве і павінна жыць. Страшнае слова “вайна” ніяк не знікне з нечыіх гарачых галоў. Побач з роднай краінай ільецца кроў…

Пасля мітынгу ў драмтэатры воіны-інтэрнацыяналісты, маці загінуўшых воінаў сустрэліся са старшынёй райвыканкама Алегам Таргонскім. Кіраўнік раёна яшчэ раз падзякаваў воінам-інтэрнацыяналістам за вернасць прысязе, за мужнасць і адвагу. На грудзях многіх ззялі баявыя ўзнагароды, Алег Таргонскі прасіў воінаў-афганцаў і надалей актыўна даносіць да моладзі дух патрыятызму.

Старшыня райвыканкама адказаў на пытанні прысутных, прасіў у любы час звяртацца да яго з прапановамі і просьбамі, уручыў маці загінуўшых воінаў падарункі.

Воіны-інтэрнацыяналісты паглядзелі канцэрт. Потым у царкве ў Альбярціне быў традыцыйны малебен па загінуўшым.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.