На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Пераможцам — прэміі, астатнім —  браць з іх прыклад

Некалькі пытанняў былі разгледжаны ў рэжыме пасяджэння райвыканкама. Першае пытанне — падвядзенне вынікаў работы сельскіх  аглядавых камісій. Па выніках пераможцай і прызёрамі раённага агляду прызнаны камісіі Паўлаўскага, Міжэвіцкага і  Азярніцкага сельсаветаў. Яны адпаведна прэміруюцца 50,  40 і 30 базавымі велічынямі. Старшыня райвыканкама Алег  Таргонскі звярнуў увагу, каб у рабоце аглядавых камісій,  асабліва па пытаннях супрацьпажарнага стану дамоў, кватэр, іншых пабудоў не было фармалізму. Трэба дайсці да  кожнага чалавека. Летась на пажарах у раёне загінула 6 чалавек, сёлета ў горадзе ўжо таксама ёсць ахвяра агню.

Зацверджаны пералік аб’ектаў,

якія будуць добраўпарадкоўвацца ў гэтым годзе (рамонт дахаў, стыкі панэляў, цеплавая рэабілітацыя і г.д.). Іх 29. Спецыяльная камісія выявіла мінімум, пад які ёсць сродкі (спіс  аб’ектаў мы апублікуем). На сёння скаргаў людзей на працяканне даху, холад у кватэрах нямала, але сродкі ў бюджэце  абмежаваныя. Таму ў спіс першачарговых работ уключаны  дамы, якія найперш патрабуюць рамонту. Як адзначыў кіраўнік  раёна, на кантролі будзе кожны патрачаны рубель. Зноў-такі  Алег Таргонскі запатрабаваў, каб не дапускаць фармалізму і  цяганіны ў ходзе работ. Зацверджаны, падкрэслім, мінімум,  аб’ём работ можа быць і большы. ЖРЭА даручана пэўныя  работы выконваць сваімі сіламі, без прыцягнення падрадных  арганізацый — гэта значна танней.

Не пакінуць людзей  у інфармацыйным вакууме

З другога паўгоддзя гэтага года аналагавае тэлебачанне адыдзе ў нябыт. Прасцей кажучы, чалавек са старым тэлевізарам, ды з некаторымі новымі без спецыяльнай прыстаўкі  глядзець тэлеперадачы не зможа. Да таго ж у раёне адключана правадное радыё, як маральна і фізічна ўстарэлае.  Новыя радыёпрыёмнікі ёсць далёка не ва ўсіх (на 67 тыс.  чалавек насельніцтва іх пакуль рэалізавана 1,2 тысячы). Да  таго ж, мяркуючы па званках людзей у рэдакцыю, не ўсе могуць настроіць новы прыёмнік, напрыклад, на хвалю раённага радыё. Асабліва вяскоўцы могуць апынуцца ў інфармацыйным вакууме. Таму гэтае пытанне было вынесена на  абмеркаванне выканкама і ўдзельнікаў планёркі.
Па патрабаванню кіраўніка раёна ў бліжэйшы час (у гэты  месяц) трэба літаральна зайсці ў кожны вясковы дом, высветліць, колькі трэба прыставак, антэн, радыёпрыёмнікаў па  раёну, даходліва растлумачыць людзям сітуацыю і даць параду, што трэба кожнаму зрабіць, каб і надалей у дамах гучала радыё і свяціўся блакітны экран. Вядома, на гэта патрэбны грошы, не кожнаму па кішэні ўсё адразу набыць, таму  кіраўнік раёна даручыў сацыяльнай службе высветліць магчымасці маламаёмных грамадзян. Калі ж людзі набудуць усё  неабходнае, сувязісты абавязаны будуць навучыць кожнага  (у каго будзе патрэба), як карыстацца пультамі ды кнопкамі.

Скоп — прычына разладу

Скоп — адходы макулатурнай перапрацоўкі ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін”, прычым іх даволі  многа. На жаль, спробы навучыцца іх перапрацоўваць пакуль не маюць поспеху. А таму заводу быў дадзены дазвол  складзіраваць скоп да 2014 года на былым гарадскім палігоне цвёрдых бытавых адходаў, што недалёка ад Альбярціна. Тэрмін сышоў — новай пляцоўкі няма, завод утварыў  вялікае скопішча скопу на сваёй тэрыторыі. Адходы гэтыя  асаблівай небяспекі, як сведчаць спецыялісты, для экалогіі  не нясуць, але ва ўсім павінен быць парадак. Пытанне вынеслі на пасяджэнне выканкама таму, што паміж завадчанамі і прыродаахоўнымі службамі не дасягнуты кансенсус  на адвядзенне новага месца складзіравання скопу. Завод  не выканаў абавязацельствы па рэкультывацыі месц захоўвання скопу. Фотаздымкі, якія паказалі на планёрцы,  сведчаць — парадку на былым палігоне мала. Таму прыродаахоўнікі і забілі трывогу. У завадчан свае аргументы, хоць  дырэктар і прызнае, што рэкультывацыя як след не праведзена. Дарэчы, складзіраваць скоп на гарадской звалцы ў  Касцянях не дазволена хаця б таму, што з-за вялікіх аб’ёмаў  скопу палігон хутка запоўніцца. Кіраўніка раёна не задаволіла ні пазіцыя прыродаахоўнікаў (хоць яны дзейнічаюць па закону), ні кіраўніцтва  завода. Завод не спыніш, праблема са скопам існуе і яе трэба тэрмінова рашаць. Таму старшыня райвыканкама катэгарычна запатрабаваў: даецца тыдзень на ўзгадненне ўсіх  спрэчных пазіцый і ўжо на наступнай планёрцы неабходна  далажыць аб канкрэтных прапановах.

Насычаны тыдзень

На гэтым тыдні плануюцца мерапрыемствы, прысвечаныя  чарговай гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана. У суботу ў Цэнтры культуры і адпачынку павінен адбыцца  канцэрт ансамбля “Песняры”. Плануецца правядзенне розных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню святога Валянціна. У чацвер у Мінскай Духоўнай семінарыі адбудзецца актавы дзень, у якім мяркуецца ўдзел мітрапаліта Паўла.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.