У раённым выканаўчым камітэце

исполком+++

Адказнасць за вынікі нясуць кадры

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2014 год. Яшчэ да таго, як намеснікі старшыні райвыканкама далажылі аб стане спраў у курыруючых галінах, старшыня райвыканкама Алег Таргонскі ўступным словам “анансіраваў” асноўныя дасягненні і праблемы Слонімшчыны.

Безумоўна, аб станоўчым гаварыць заўсёды прыемней. Трэба сказаць, што сумеснымі намаганнямі ўлады, працоўных калектываў, у нечым пераважнай большасці слонімцаў, падстаў ганарыцца Слонімам, раёнам, дасягненнямі было ў мінулым годзе нямала: ад маштабнага добраўпарадкавання, звязанага найперш з падрыхтоўкай да абласных “Дажынак”, — да добра падросшага ў параўнанні з мінулымі гадамі хлебнага каравая, ад узведзеных новых дамоў — як індывідуальных катэджаў ды шматпавярховак — да драмтэатра і іншых сацыяльных аб’ектаў. Перамены да лепшага радуюць чалавека. Аднак ёсць і нямала праблем. Менавіта з-за эканамічных праблем не хапае фінансаў на вырашэнне іншых пытанняў. У прамысловасці летась не выкананы прагнозныя паказчыкі па экспарту тавараў, прыцягненню замежных інвестыцый. Нямала прамысловых прадпрыемстваў і сельгасгаспадарак спрацавалі са стратамі. Сельская гаспадарка пры даволі эфектыўным раслінаводстве ў цэлым — стратная галіна, як, дарэчы, і транспарт. Зарплата ў калектывах хоць і расла, у некаторых апярэджвала рост прадукцыйнасці працы, што не можа быць падставай для эфектыўнага гаспадарання.

Выслухаўшы даклады, кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на тым, што ў іх было недастаткова аналізу прычын дапушчэння недахопаў. А галоўнае, задаў пытанне старшыня райвыканкама, — чаму вінаватыя далёка не заўсёды кампенсуюць страты ці нясуць іншае пакаранне? Нехта не зрабіў апрацоўку бульбы супраць фітафторы — і работа многіх змарнавана. З-за нізкасортнага малака гаспадаркі нясуць каласальныя страты, а спецыялісты спраўна атрымліваюць аклады. Калі б хварэлі як за сваё, было б усё інакш. І гэта датычыцца не толькі аграрнага сектара.

Даўно, нават у лепшыя савецкія часы, калі ўсё давалі, размяркоўвалі, тым не менш бралі на ўзбраенне ісціну: пад ляжачы камень вада не цячэ. Вядома, ёсць і цяпер кіраўнікі, спецыялісты таленавітыя, ініцыятыўныя. Той жа СВК “Сянькоўшчына” мог бы чакаць, калі на комплекс “Усход” прывязуць на адкорм бычкоў. Ды не, круціцца старшыня Аляксандр Аўсяец са спецыялістамі, звыш дзвюх тысяч галоў маладняку закупілі за межамі раёна. Кіраўніцтва маторарамонтнага завода аж у Венесуэле знайшло спажыўцоў рухавікоў. Дзясяткі пісьмаў з пошукамі партнёраў накіравалі ў розныя пасольствы работнікі ААТ “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка”. Хто стукаецца, таму адчыняюць. Іншага, як кажуць, сёння не дадзена. Невыпадкова кіраўнік раёна настойліва патрабуе ад дырэктарскага корпуса быць у пастаянным пошуку. Калі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы фронт работ ёсць, дык у будаўніцтве гэты фронт не акрэслены — будаўнічых аб’ектаў мала. У той жа час старшыня райвыканкама схіляе кіраўнікоў да актывізацыі асабліва рамонтных работ гаспадарчым спосабам, як найбольш танных і не менш якасных. Рэзерваў у любой галіне эканомікі і сацыяльнай сферы многа, у тым жа экспарце паслуг далёка не вычарпаны патэнцыял аграсядзіб на Слонімшчыне.

За невыкананне бізнес-планаў, прынятых абавязацельстваў дзейнасць многіх кіраўнікоў ацэнена як недастатковая і нездавальняючая. Старшыня райвыканкама абавязаў дапрацаваць рашэнне, прааналізаваць работу кіраўнікоў за два-тры гады. І калі станоўчай дынамікі няма, то магчымы і кадравыя вывады.

Мовай лічбаў і фактаў

У мінулым годзе выкананы заданні па тэмпах росту рознічнага тавараабароту. Не залежваліся тавары на складах у большасці вытворцаў.

Не выкананы прагноз па экспарту тавараў і паслуг, вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, індэксу фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па набору тавараў-прадстаўнікоў, замежных інвестыцыях.

Доля прамысловай вытворчасці ў абласным аб’ёме даволі істотная — 4,4%.

Па індэксу прамысловай вытворчасці на аснове дынамікі вытворчасці тавараў-прадстаўнікоў да 2013 года, раён недабраў прыкладна 114 млрд. руб. З гэтай “недадачы” 70% прыходзіцца на ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін”, ААТ “Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка” і “Ромгіль-тэкс”.

Чакаемы аб’ём прамых замежных інвестыцый, прыцягнутых у раён, — 450 тыс. долараў пры заданні 10 млн. долараў. Дарэчы, у раёне цяпер зарэгістраваны 22 арганізацыі з удзелам замежнага капітала, год назад было на 4 менш.

У цэлым па раёну тэмп росту прадукцыйнасці працы апярэджвае рост зарплаты (1.032).

У сельскай гаспадарцы і на транспарце зарплата адстае ад росту прадукцыйнасці працы.

У мінулым годзе дырэктарскі корпус у прамысловасці абноўлены на трэць (6 прадпрыемстваў). На ўсіх гэтых прадпрыемствах ёсць станоўчая эканамічная дынаміка.

На складах на 1 студзеня 2015 года было 45,2% гатовай прадукцыі да сярэднямесячнага аб’ёму (нарматыў — не больш за 48%), на 17% менш, чым па вобласці.

Раён экспартаваў прадукцыі на 82 млн. долараў за 11 месяцаў (92,8% да 2013 г. пры заданні 110,2%) пры станоўчым гандлёвым сальда ў 48,2 млн. долараў.

У раёне 23 экспарцёры, год назад было 24. Самы буйны экспарцёр — ААТ “Слонімскі мясакамбінат” — 80,8% у агульным аб’ёме экспарту раёна. На жаль, вельмі вузкі спектр рынкаў збыту: Расія — 98,7%. Невялікія аб’ёмы паставак ідуць у Польшчу, Туркменію, Іспанію.

У мінулым годзе аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 720 млрд. руб. (110,4% да 2013 г.). У той жа час на некаторых прадпрыемствах інвестыцый не было.

У прамысловасці атрымана 16,9 млрд. руб. чыстага прыбытку, рэнтабельнасць продажу вырасла да 5,5%.

Аднак у раёне за 11 месяцаў было 10 стратных арганізацый (сума страт — 107 млрд. руб.), на 3 больш, чым у 2013 годзе.

Раён не выканаў прагнозны паказчык па налічанай намінальнай сярэднямесячнай зарплаце — па раёну яна склала 4 млн. 842 тыс. руб., у снежні — 5 млн. 284 тыс. руб.

За мінулы год у сельскай гаспадарцы атрымана валавай прадукцыі на 621,9 млрд. руб. (97,3% да 2013 г. пры прагнозе 108,9%. У раслінаводстве рост склаў 116,2%.

Валавая вытворчасць малака склала 53 тыс. тон, на 8,2 тыс. тоны менш прагнознага паказчыка. Найбольшы недабор малака склаўся ў РУСП “Новадзявяткавічы”, РУСП “Пераможац”, СВК “Міжэвічы”.

Не радуюць і вынікі ў вырошчванні буйной рагатай жывёлы і свіней. Найперш — з-за парушэнняў тэхналогіі і нізкай якасці кармоў.

У цэлым сельская гаспадарка раёна аказалася стратнай (чыстыя страты — 60,7 млрд. руб.). Страты атрымалі РУСП “Пераможац”, РУСП “Новадзявяткавічы”, сельгаскааператывы “Міжэвічы”, “Дружба-Агра”, “Васілевічы” і ААТ “Птушкафабрыка Слонімская”.

У мінулым годзе ў раёне выканана будаўніча-мантажных работ на 449 млрд. руб. (123,3% да 2013 г.). Пры гэтым у ААТ БУ-187 аб’ём падрадных работ склаў толькі 67,9% да 2013 г.). За мінулы год у Слоніме і на сяле здадзена 30444 квадратныя метры жылля (100,1% да задання).

У 2014 годзе ў будаўніцтве раёна атрымана амаль 16 млрд. руб. прыбытку (144,3% да ўзроўню 2013 года). Вядома, паспрыялі будаўнікам “Дажынкі”. Сёлета, як ужо адзначалася, для будаўнікоў пакуль работы мала. Каб знайсці яе, давядзецца папрацаваць.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.