25-гадовы шлях нашага тэатра

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Свой юбілей калектыў Слонімскага драматычнага тэатра адзначыць 27 сакавіка ў Міжнародны дзень тэатра. Падчас урачыстасцей артысты тэатра прыгадаюць увесь 300-гадовы шлях развіцця тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне, з якіх – 25 гадоў прайшоў Слонімскі драматычны тэатр.

2

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Першыя звесткі пра тэатральнае жыццё на Слонімшчыне адносяцца да XVIII стагоддзя, калі існаваў у 1744-1769 гадах Слонімскі школьны тэатр пры езуіцкім калегіуме.
А ў 1771 годзе ў Слоніме была заснавана Вялікая тэатральная трупа вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. У тэатры Агінскага працавалі прафесійныя італьянскія, нямецкія, польскія спевакі, мясцовы беларускі хор і балет. Балетная трупа была падрыхтавана ў Слонімскай балетнай школе. Паказы суправаджала Слонімская капэла Агінскага. У 1770-1780-я гады пры тэатры існавала і музычная школа. Рэпертуар складаўся з розных балетаў. Паводле “Інвентара інструментаў і музычных папер”, які быў складзены ў 1801 годзе збор нот твораў, што выконваліся на розных сцэнах тэатра Агінскага, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш за 460 іншых музычных твораў (араторыі, арыі, музыка для дывертысментаў, асобных танцаў і інш.). Сярод выканаўцаў – дачка “мэтра ігры на клавікордзе” Д. Грабенбаўэра, Г. Давіа, П. Драздоўская, М.Лазарыні і другія. Філіялы Слонімскага тэатра Агінскага працавалі ў г. Седльц (Польшча) і мястэчку Целяханы (цяпер Івацэвіцкі раён).

4
Паміж 1777-1780 гадамі ў Слоніме быў пабудаваны “Дом оперы” (архітэктар Іначэнца Мараіна), разбураны пасля 1804 года, які меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказаў любых барочных спектакляў, опер і балетаў, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і статыстаў, для тэатральных баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала Агінскага і па ёй плавалі лодкі), для складаных перспектыў і дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Тэхнічныя магчымасці сцэны дазвалялі паказаць і два фантаны, якія асвятляліся бенгальскімі агнямі (пры тэатры працаваў піратэхнік Ц. Ваксмунт).
Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа. Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней балетам займаліся і дзеці прыгонных мясцовых сялян. Вучні атрымлівалі і пэўную агульную адукацыю…
Пасля 1791 года тэатр Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме ўжо не існаваў.
Калі Слонім трапіў у склад Расійскай імперыі, тэатральнае жыццё ў горадзе па-над Шчарай на шмат дзесяцігоддзяў спыніла сваю дзейнасць.
У 1920-1939 гадах Слонім знаходзіўся пад Польшчай. У горадзе актыўна ствараліся розныя тэатральныя калектывы. Гэта гарадскія самадзейныя гурткі, якія ставілі пастаноўкі на польскай, яўрэйскай, татарскай і беларускай мовах. Асабліва актыўна мясцовая моладзь ладзіла розныя тэатральныя пастаноўкі ў вёсках, дзе вяскоўцам часта паказвалі спектаклі па п’есах беларускіх драматургаў.
Пасля вайны ў адзін з лістападаўскіх дзён 1948 года афішы Слоніма паведамілі аб першым спектаклі “Шляхі-дарогі” па п’есе А. Фёдарава толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага калектыву. Кіраўніком калектыву быў тады дэмабілізаваны з арміі 27-гадовы франтавік Аляксандр Бялоў (1921-1985). У Слоніме Аляксандр Бялоў жыў да 1956 года. А пасля пераехаў у Мінск і працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі. Разам з ім працаваў у Слоніме і вопытны рэжысёр Міхаіл Фрыдман (1894-1975), які скончыў маскоўскую тэатральную студыю “Свабоднае мастацтва” у 1928 годзе і вандраваў з яўрэйскай акцёрскай трупай па Украіне і Беларусі. Тады ў 1948 годзе драмгурток атрымаў ад слонімцаў першыя апладысменты. Спектакль “Шляхі-дарогі” меў поспех. Яго паказвалі 32 разы. Ён і замацаваў веру артыстаў і рэжысёра ў свае сілы. Пачалася сур’ёзная, мэтанакіраваная работа на сцэне, якая не спынялася дзесяцігоддзямі. З 1959 года драмгурток атрымаў званне народнага тэатра.
У 1968 годзе Слонімскі народны тэатр узначаліў рэжысёр Мікалай Варвашэвіч. Гэты чалавек аддаў усе свае сілы, веды, натхненне і жыццё тэатру ў Слоніме. Пры ім народны тэатр у горадзе па-над Шчарай стаў неад’емнай часткай культурнага жыцця Слонімшчыны. У рэпертуары тэатра сталі з’яўляцца п’есы класікаў беларускай і рускай драматургіі: А. Астроўскага, М. Горкага, Б. Лаўранёва, К. Транёва, В. Розава, Я. Купалы, У. Галубка, В. Дуніна-Марцінкевіча, К.Крапівы, А. Макаёнка і г. д. Калектыў Слонімскага народнага тэатра ў 1975-1977 гадах стаў лаўрэатам Першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. На базе тэатра быў створаны Слонімскі драматычны тэатр.
Дзяржаўны драматычны тэатр у Слоніме існуе ўжо чвэрць стагоддзя. Да 2000 года яго ўзначальваў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Мікалай Варвашэвіч. А з 2008 года па сённяшні дзень творчым калектывам кіруе рэжысёр Васіль Сявец.
За гэты час Слонімскі драматычны тэатр ажыццявіў больш за 100 пастановак для дарослых і юных гледачоў. У рэпертуары тэатра пераважаюць спектаклі камедыйнага жанру, пастаўленыя ў традыцыях беларускага народнага тэатра, ставяцца п’есы і сучасных беларускіх драматургаў, п’есы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі, тэатр шмат ставіць спектакляў для юных гледачоў і гастралюе з імі па Беларусі. У асноўным калектыў тэатра абслугоўвае раённыя цэнтры і жыхароў вёсак Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. На сённяшні дзень рэпертуар тэатра налічвае 23 спектаклі для дзяцей і 15 пастановак для дарослых.
Летась калектыў тэатра пераехаў у новае памяшканне, якое знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Сваё 25-годдзе ён сустрэне на роднай сцэне, пра якую марылі ўсе шмат гадоў. Сустрэне з надзеяй на лепшы свой творчы лёс, каб па-ранейшаму працягваць тыя тэатральныя шлях і традыцыі, якія пачаліся на Слонімшчыне яшчэ ў XVIII стагоддзі.

Сяргей ЧЫГРЫН, кіраўнік
літаратурна-драматычнай часткі Слонімскага драмтэатра.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.