Гарыць трава. Гінуць людзі

Чарговы дзень інфармавання насельніцтва інфармацыйная група, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, правяла ў Міжэвічах, у мясцовым Доме культуры.

Сустрэча з вяскоўцамі пачалася з выступлення начальніка райаддзела МНС Аркадзя Брайчука, які расказаў пра сітуацыю з пажарамі ў рэспубліцы. Нягледзячы на шматлікія папярэджанні насельніцтва праз СМІ, індывідуальныя і калектыўныя сустрэчы пра забарону выпальвання сухой травы, пажары захлынулі рэспубліку. Толькі за адзін дзень загінула ў агні 6 чалавек, прычым 5 пры выпальванні сухой травы. Трывожныя зводкі ідуць штодня. У раёне выратавальнікі ўжо многа разоў выязджалі тушыць траву. А нядаўна дапамагалі змагацца з агнём у суседнім Івацэвіцкім раёне, дзе з-за выпальвання травы ў вёсцы згарэлі чатыры дамы і шэсць хлявоў. Выратавальнікі працуюць у экстрэмальным рэжыме. Невыпадкова райвыканкам прымаў рашэнне, каб у кожнай гаспадарцы былі створаны брыгады з мабільнай сувяззю і неабходнай тэхнікай для ліквідацыі ачагоў узгарання. Няўжо так цяжка ўсвядоміць, што ад выпальвання травы ды яшчэ ў такое сухое надвор’е да бяды – адзін крок. Жыццё ж даецца чалавеку адзін раз.

Другое пытанне, якое данеслі да аўдыторыі, у якой было многа мясцовай моладзі, аб рэалізацыі ў рэспубліцы і ў нашым рэгіёне маладзёжнай палітыкі і падтрымкі інстытута сям’і (падрабязны матэрыял па тэме быў змешчаны ў мінулым нумары нашай газеты).

Як звычайна, старшыня райвыканкама Алег Таргонскі заклікаў вяскоўцаў да адкрытага дыялогу і не толькі па пытаннях парадку дня інфармавання. І на гэты раз дыялог атрымаўся. Перш чым адказаць на пытанні людзей, кіраўнік раёна расказаў пра работу ўлады па сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна, акрэсліў і праблемы спайсаў сярод моладзі, працаўладкавання, каналізацыі ў горадзе, развіцця сельскай гаспадаркі і інш. Праблемы вядомыя і ўлада працуе над іх вырашэннем. Не ўсё адразу можна зрабіць, на ўсё сродкаў не хапае. Але дынаміка бачна ў горадзе і ў сельскай мясцовасці. Толькі зладжаная работа ўлады, кожнага працоўнага калектыву зможа прынесці максімальны плён.

Слухаючы інфармацыю аб рабоце ўлады са зваротамі грамадзян, не цяжка прыйсці да высновы – вынікі сумеснай работы ўсё больш важкія.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.