На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Насельніцтва старэе

У рэжыме пасяджэння райвыканкама разгледжана пытанне ходу рэалізацыі раённых мерапрыемстваў па выкананню Рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Гродзенскай вобласці на 2011-2015 гады.

На 1 студзеня 2015 года колькасць насельніцтва раёна склала 65370 чалавек, у тым ліку 49333 (75,5% ад агульнай колькасці насельніцтва) — гэта гараджане, 16037 чалавек (24,5%) пражываюць у сельскай мясцовасці. За 2014 год колькасць насельніцтва раёна скарацілася на 147 чалавек. Гарадское насельніцтва павялічылася на 228 чалавек за кошт натуральнага (133 чалавекі) і міграцыйнага (95 чалавек) прыросту. Колькасць сельскага насельніцтва працягвае скарачацца, і за год яна зменшылася на 375 чалавек, што абумоўлена як натуральным, так і міграцыйным спадам.

Колькасць насельніцтва ва ўзросце да 18 гадоў паступова павялічваецца, і на пачатак гэтага года склала 12595 дзяцей або 19,3% ад агульнай колькасці насельніцтва раёна. Сярод дзяцей пераважаюць хлопчыкі над дзяўчынкамі. Хоць колькасць жаночага насельніцтва па раёну перавышае колькасць мужчынскага.

Штогод расце колькасць народжаных у сям’і трэціх і чацвёртых дзяцей. На пачатак гэтага года ў раёне налічвалася 614 шматдзетных сямей, за 2014 год іх стала больш на 71 сям’ю.

Адным з важных фактараў, якія ўплываюць на колькасць насельніцтва, з’яўляецца ўзровень смяротнасці, які ў раёне штогод зніжаецца. У 2014 годзе памёр 901 чалавек, што на 37 чалавек, або на 4,6% менш, чым у 2013 годзе. Аднак, на вялікі жаль, летась памерла 5 дзяцей ва ўзросце да года. З іх 4 немаўляці памерлі ад прыроджаных анамалій, адно дзіця — ад інфекцыйнага захворвання.

У раёне працягласць жыцця склала 72,2 года, у тым ліку ў мужчын — 66,9 года, у жанчын — 77 гадоў. Гэты паказчык узрос у параўнанні з 2012 годам на паўтара года.

У раёне, як у горадзе, так і на сяле, пераважае жаночае насельніцтва. На 1 студзеня 2015 года на 1000 мужчын прыпадала 1095 жанчын.

Змяншаецца доля насельніцтва працаздольнага ўзросту. Так, на пачатак года працаздольнае насельніцтва склала 56,5% ад агульнай колькасці насельніцтва раёна, на пачатак 2013 года было 58%.

Назіраецца працэс старэння насельніцтва раёна. На долю асоб ва ўзросце 65 гадоў і больш на пачатак 2015 года прыпадала 15,5% ад агульнай колькасці насельніцтва.

У 2014 годзе ў раёне зарэгістраваны 551 шлюб. У параўнанні з 2012 годам колькасць шлюбаў павялічылася на 13. Колькасць разводаў за гэты час зменшылася на 44 і склала ў 2014 годзе — 233. У 2014 годзе на 100 шлюбных пар, якія ўтварыліся, прыпадала 42 пары, якія распаліся.

За 2014 год большасць асноўных паказчыкаў праграмы выканана: дасягнута зніжэнне смяротнасці працаздольнага насельніцтва (факт 4,0 праміле пры плане 5,1 праміле), павелічэнне агульнага каэфіцыента нараджальнасці на 1 тыс. насельніцтва (факт 12,5 праміле пры плане 11,7 праміле), павелічэнне да 40 працэнтаў удзельнай вагі родаў без ускладненняў (факт 63%), павелічэнне працягласці жыцця (факт 72,2 года пры плане 71,6 года).

Не выкананы два паказчыкі: каэфіцыент агульнай смяротнасці насельніцтва на 1 тыс. насельніцтва штогод зніжаецца і за 2014 год склаў 13,8 чалавек на 1 тыс. насельніцтва, аднак паказчык на 2014 год — 13,3 чалавек не выканан (выканалі ў вобласці толькі Гродна, Лідскі і Смаргонскі раёны); стабілізацыя і зніжэнне смяротнасці немаўлят да 3,8 на 1000 немаўлят, народжаных жывымі (факт 6,1).

Падчас дэталёвага абмеркавання пытання кіраўнік раёна Алег Таргонскі, адзначаючы станоўчае ў дэмаграфічнай сітуацыі, звярнуў увагу прысутных на тым, што высокай застаецца дзіцячая смяротнасць, значыць, нешта не так праходзіць цяжарнасць у мамаў, магчыма недзе ёсць недагляд. 7% смяротнасці (за мінулы год 66 чалавек) прыпадае на пабочныя фактары: гібель у агні, на дарогах і г.д. Дарэчы, і гэты год прынёс, на жаль, ужо нямала ахвяр. Алег Таргонскі заклікаў не цешыцца дасягненнямі, у тым ліку і ў медыцыне. За кожнае жыццё трэба змагацца, бо і ў цэлым па Беларусі, нягледзячы на клопат дзяржавы аб сваіх грамадзянах, колькасць насельніцтва зніжаецца. 

  Максімальна паскорыць палявыя работы

Такую задачу паставіў старшыня райвыканкама перад аграрыямі. Неабходна ўжо цяпер закрываць вільгаць на палях, штодня абследаваць пасевы азімых культур, каб не ўпусціць тэрміны падкормкі іх азотам. Тым больш, што азотных угнаенняў назапашана больш, чым летась. Рашаючы кармавую праблему для грамадскага статку, кіраўнік раёна запатрабаваў у кожнай гаспадарцы правесці падсеў траў пад азімыя, пакуль гэту работу вядуць толькі ў СВК імя Дзяржынскага. Не вырашана пакуль праблема закупу насення кукурузы.

Перад упраўленнем сельскай гаспадаркі пастаўлена задача, якая раней не ўзнімалася, але паўстае востра на парадку дня: да канца тыдня неабходна прааналізаваць фінансавае становішча найбольш праблемных 7 гаспадарак раёна: колькі грошай яны могуць рэальна зарабіць у бліжэйшыя тры месяцы і якія рэальныя расходы ім спатрэбяцца.

Маштабную нараду

па праблемах рэкультывацыі кар’ераў у раёне (у асноўным сельскія гаспадаркі не рэкультывіруюць іх і кар’еры ператвараюцца ў звалкі) і наогул па выкарыстанню зямель прапанавана правесці ў бліжэйшы час старшынёй райвыканкама.

Другасная сыравіна — на другі план?

Менавіта так лічаць многія кіраўнікі, бо не прыступалі да здачы металалому, макулатуры і іншай другаснай сыравіны. Пытанне ўзята на кантроль.

Неадкладна пачаць работы

па рэканструкцыі помніка ахвярам вайны ў Жыровіцах распарадзіўся старшыня райвыканкама. І, наогул, на планёрцы востра ішла размова пра навядзенне парадку ў аграгарадку Жыровіцы. І гэта найперш клопат сельвыканкама.

Суботнік — у канцы сакавіка?

Папярэдне вызначана, што раённы суботнік па навядзенню парадку на зямлі мяркуецца правесці ў канцы сакавіка. Будуць вызначаны найбольш праблемныя ўчасткі ў горадзе і на сяле, дзе трэба навесці парадак. Адзін з такіх участкаў у горадзе — стадыён “Дынама”, дзе будаўнічыя арганізацыі павінны будуць стварыць належныя ўмовы для заняткаў спортам найперш для дзяцей.

Да 1 Мая — Дошка гонару

Да 1 Мая ў горадзе павінна быць устаноўлена раённая Дошка гонару. Месца ўстаноўкі і дызайн самой Дошкі пакуль не зацверджан.

Рознае

У пятніцу ў драмтэатры плануецца правядзенне акцыі, прысвечанай Дню Канстытуцыі, з уручэннем маладым людзям пашпартоў грамадзян Беларусі.

У суботу ў СШ № 9 пройдзе раённы бацькоўскі сход.

На планёрцы ўзняты праблема адлову на тэрыторыі раёна бадзячых сабак і некаторыя іншыя пытанні.

Васіль АФАНАСІК.

Один комментарий к заметке “На планёрцы ў райвыканкаме”

  1. Владимир
    12.03.2015 at 09:08 #

    В статье СВ от 5.02.2014 года «Демография Слонимщины в 2013 году» указано, что умерло 944 человека. Отюда следует, что умерло в 2014 году на 43 человека меньше. В статье «Население стареет» указано 37.
    Уважаемый главный редактор! Статистика любит точность.

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.