На планёрцы ў райвыканкаме

исполком+++

Фермерскія землі параслі хмызняком

Чарговая планёрка ў райвыканкаме пачалася з разгляду пытання аб тым, як у фермерскай гаспадарцы “Людміла” выкарыстоўваецца зямля. Два ўчасткі, адзін з іх немалы — 8,5 га, зараслі хмызняком і травой. Іх у фермера адабралі і перадалі СВК “Сянькоўшчына”, на чыёй тэрыторыі размяшчаецца фермерская гаспадарка. Кіраўнік раёна Алег Таргонскі паставіў перад землеўпарадчай службай рэзоннае пытанне: чаму дапусцілі да таго, што зямля пазарастала быллём? Пасля працяглага абмеркавання пытання, старшыня райвыканкама распарадзіўся да 10 красавіка правесці дэталёвае абследаванне ўсіх фермерскіх гаспадарак і вынесці на абмеркаванне райвыканкама пытанне эфектыўнасці выкарыстання зямлі. Не сакрэт, што раней некаторыя фермеры мелі магчымасць карыстацца дапамогай гаспадарак. Цяпер ні гаручае, ні тэхніку проста так не возьмеш. Вось і зарастае бур’яном карміцелька-зямелька. Дарэчы, у раёне цяпер 18 фермерскіх гаспадарак і далёка не ва ўсіх гаспадараць эфектыўна. Так што сітуацыя з вынясеннем пытання на разгляд райвыканкама ўзнікла не на пустым месцы. Што датычыцца ўзгаданых зямель на тэрыторыі СВК “Сянькоўшчына”, вырашана лепшыя ўключыць у севазварот, а малаэфектыўныя перадаць лясгасу пад пасадку лесу.

Палявыя работы набіраюць абарот

Надвор’е спрыяе земляробам, актыўнаму тэмпу работ перашкаджае недахоп гаручага, дакладней — сродкаў на яго набыццё. Але, як сказана на планёрцы, праблема гаручага вырашаецца. Алег Таргонскі прывёў прыклады зладжанай работы ў некаторых гаспадарках: 40% азімых падкармілі ў СВК імя Суворава, 90% рапсу — у СВК імя Дзяржынскага (дарэчы, летась у гаспадарцы атрымалі высокі ўраджай рапсу, культуры запатрабаванай і высокарэнтабельнай). У тым жа СВК імя Дзяржынскага, а таксама ў СВК “Дзераўноўскі” падсеялі па азімых да 50% запланаваных траў. Але 4 гаспадаркі не прыступалі да падкормкі азімых культур. Упусцім тэрміны — недабяром ураджай. У раёне ёсць 7 эфектыўных і малазатратных агрэгатаў “Раса”, якімі можна і трэба падкормліваць азімыя штодня на плошчы да 1,5 тыс. га (трэба падкарміць пасевы ў раёне на плошчы 15 тыс. га).

Траўма на вытворчасці

На планёрцы агучана інфармацыя, што на тэрыторыі Зэльвенскага раёна (Слонімскі лясгас) атрымаў траўму рукі работнік лясгаса. Вытворчая траўма, па папярэдняй інфармацыі медыкаў, калецтва не выкліча.

Падрыхтоўка патрабуе паскарэння

Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі зноў узняў пытанне падрыхтоўкі да 70-годдзя Перамогі помнікаў і абеліскаў. Работа ідзе марудна. І ў Жыровіцах, і ў Акунінаве, і ў другіх месцах трэба выканаць вялікі аб’ём работ. Неабходна абавязкова кантраляваць іх якасць. Запатрабавана кожны тыдзень праводзіць пасяджэнне штаба па падрыхтоўцы да юбілею Перамогі з падрабязным аналізам зробленага і праблем, якія ўзнікаюць.

Запазычылі за газ

Кіраўнік раёна занепакоены запазычанасцю ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін” за спажываемы газ (6,5 млрд. руб.). Алег Таргонскі даручыў падначаленым дасканала высветліць сітуацыю і паспрыяць вырашэнню праблемы.

Не паліце сухую траву

15 узгаранняў сухой травы зафіксавана ў раёне на панядзелак. На шчасце, пакуль бяды не здарылася, выратавальнікі спраўляліся з агнём. Але ў рэспубліцы ўжо ёсць ахвяры выпальвання сухой травы.

Не паліце сухую траву: гэта шкодна для прыроды і небяспечна для чалавека.

Адлоў бадзяжных сабак — па графіку

Мы ўжо інфармавалі чытачоў аб праблеме адлову бадзяжных сабак, якая была ўзнята на мінулай планёрцы. Як прагучала інфармацыя на гэтай планёрцы, адлоў сабак у вёсках будзе праводзіцца паляўнічымі і работнікамі ЖКГ па графіку з папярэднім папярэджаннем сельвыканкама аб прыездзе брыгады.

Васіль АФАНАСІК. 

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.