«Самазабойца» на слонімскай сцэне

П’еса, як і спектакль “Самазабойца”, — гэта твор аб свабодзе асобы, гэта бунт “маленькага” чалавека супраць вялікага механізму ціску, супраць знішчэння жыватворных магчымасцей чалавека. Эрдман некалі быў адзіным сатырыкам у савецкай драматургіі, які высмеяў сістэму тагачаснай улады, а не асобныя чалавечыя недахопы.

Камічная і трагічная п’еса Эрдмана пра чалавека, які не знаходзіць сабе месца ў жыцці да таго часу, пакуль не вырашыў з жыццём развітацца. Гэтым чалавекам з’яўляецца Сямён Сямёнавіч Падсякальнікаў, ролю якога выдатна выканаў вядучы майстар сцэны тэатра Уладзімір Навумік. Сямён Сямёнавіч – звычайны чалавек, даволі апалітычны і беспрацоўны. Але Сямён Падсякальнікаў усяго за некалькі гадзін можа ператварыцца ў “героя свайго часу”. Для гэтага яму трэба толькі… застрэліцца! Але найперш ён павінен напісаць прадсмяротную запіску, у якой паведаміць тое, што папросяць, як прычыну самазабойства. Жадаючых увайці ў гісторыю з дапамогай гэтай запіскі – даволі шмат, яны ўжо сталі ў чаргу, але ёсць маленькія абставіны – Сямён вельмі хоча жыць. Адначасова яму становіцца зразумела, што ён не проста хоча жыць, але і зусім не хоча паміраць за ідэю, а тым больш, за чужую.

Ёсць у спектаклі і цікавая роля Арыстарха Дамінікавіча Град-Скубіка, ролю якога ўдачна выканаў артыст тэатра Сяргей Яўменаў. Ён просіць Сямёна Сямёнавіча застрэліцца ад імя інтэлігенцыі, якая пастаянна маўчыць, таму што яе застаўляюць маўчаць, а мёртвага маўчаць не заставіш. І тады выстрал Падсякальнікава разбудзіць усю краіну, яго партрэт надрукуюць усе газеты і наладзяць яму грандыёзнае пахаванне.

Шчырымі і запамінальнымі атрымаліся ролі жонкі Сямёна Сямёнавіча Марыі Лук’янаўны і цешчы Серафімы Ільінічны ў выкананні артыстак тэатра Наталлі Шугай і Надзеі Ільчанка.

Гарачай, смелай і непераможнай атрымалася Маргарыта Іванаўна Перасветава, ролю якой бліскуча выканала артыстка Вікторыя Міхальчык.

Суседа Падсякальнікава Аляксандра Пятровіча Калабушкіна цікава сыграў артыст Сяргей Фурса. А вобраз мясніка Нікіфара Арсенцьевіча Пугачова запамінальна стварыў артыст Віталь Спасюк.

Вельмі арыгінальнымі, вясёлымі і яркімі атрымаліся ролі Клеапатры Максімаўны і Раісы Піліпаўны, а таксама мадысткі ў выкананні маладых таленавітых артыстак Наталлі Бярэзінай, Юліі Чурыла і Галіны Ерамейчык. Ды і Ягорушка ў выкананнні артыста Рамана Вайтулевіча атрымаўся даволі смелым і рашучым. Наогул, у спектаклі “Самазабойца” занята ўся акцёрская трупа: ад вядучых майстроў сцэны да маладых артыстаў. Іскрамётны гумар  эрдманаўскай п’есы, памножаны на высакаякасную гульню кожнага артыста, узрывае смехам глядзельную залу і не пакідае гледачоў раўнадушнымі.

Спектакль “Самазабойца” ў пастаноўцы рэжысёра Слонімскага драмтэатра Васіля Сяўца выглядае даволі сэнсавым, трагічным і ў той жа час смешным. Паглядзеўшы спектакль, мы доўга будзем думаць пра месца грамадзяніна ў грамадстве, а таксама аб узаемаадносінах сістэмы і асобы, і пра тое, ад каго ў большай ступені залежыць магчымасць чалавека быць Чалавекам, прычым шчаслівым.

Сяргей ЧЫГРЫН.

На здымках: сцэны са спектакля “Самазабойца”.

Фота аўтара.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.