На планёрцы ў райвыканкаме

Дошка гонару займе сваё пачэснае месца

Кіраўнік раёна адвёў два тыдні ГУП ЖКГ для таго, каб аднавіць раённую Дошку гонару. Да першамайскіх свят яна павінна заняць сваё пачэснае месца – побач з Цэнтрам культуры і адпачынку.

Абмеркаваны кандыдаты – калектывы і 28 перадавікоў з розных сфер дзейнасці –  для занясення на Дошку гонару.

Што пасееш, тое і пажнеш

Укласціся ў тэрміны сяўбы ранніх яравых і зернебабовых культур, а таксама льну, кукурузы і цукровых буракоў – галоўная задача, якая  была пастаўлена на планёрцы перад упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

На панядзелак, 13 красавіка, тры гаспадаркі  раёна – РУСП “Новадзявяткавічы”, фермерская гаспадарка “Раса-Агра” і СВК “Дружба-Агра” – не завяршылі пасяўныя работы. На дапамогу ім прыйдуць суседзі.

А.М. Таргонскі акцэнтаваў увагу прысутных на якасці сяўбы. Адведзена ўсяго тры дні для таго, каб перасеяць 92 га загінуўшага азімага  рапсу і пасеяць яшчэ 300 га яравога. Усяго ў раёне гэта культура займе 3200 га. Прадбачыцца, што рапс сёлета будзе ў кошце, бо паўсюдна па краіне, ды і ў Еўропе, яго перазімоўка прайшла дрэнна.

Адведзены сціслыя тэрміны – дзесяць дзён – для пасеву льна і буракоў, да 25 красавіка неабходна пасадзіць бульбу, неабходна ў тэрмін пасеяць кукурузу.

Прыспешваюць работы з праполваннем азімых культур, яны  таксама з’яўляюцца першачарговымі.

Выплаты завершаны

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама К.Я. Руткоўская паведаміла, што поўнасцю закончаны выплаты матэрыяльнай дапамогі ветэранам  у сувязі са святкаваннем 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У раёне засталося 95 ветэранаў, у мінулым годзе было 117 чалавек.

Кіраўнік раёна папрасіў актыўна падключыць гандлёвыя прадпрыемствы, каб яны таксама паклапаціліся аб гэтых людзях і арганізавалі для іх прадуктовыя наборы.

Колькасць стратных прадпрыемстваў змяншаецца

У студзені і лютым у раёне налічвалася 13 стратных прадпрыемстваў, у сакавіку іх было ўжо дзесяць, прадбачыцца, што ў красавіку будзе не  больш дзевяці.

Тэхнічныя інспектары прыедуць у Слонім

23 красавіка ў нашым раёне будзе працаваць рэйдавая група тэхнічных інспектараў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая праверыць стан аховы працы ў арганізацыях і ва ўстановах раёна.

Грошы трэба ўмець лічыць

Яшчэ не закончыўся ацяпляльны перыяд, а перад кіраўніцтвам ЖКГ пастаўлена задача думаць аб падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага перыяду. Трэба вырашыць ужо сёння, што неабходна зрабіць у плане аднаўлення.

18 красавіка – рэспубліканскі суботнік

Старшыня райвыканкама адзначыў плённую работу слонімцаў на раённым суботніку і выказаў спадзяванне, што не горш папрацуе кожны з нас на рэспубліканскім, які намечаны на 18 красавіка. Неабходна вызначыцца з аб’ёмамі работы і месцамі, дзе працоўныя калектывы будуць працаваць у гэты дзень.

Аліна ЧАРНЫШ.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.