Два Дні Перамогі

IMG_7366

Пашану і любоў да людзей сталага ўзросту ў нас выхоўвалі з дзяцінства. Аднак аб’яднанняў, накшталт цімураўскіх, у маёй школе не было, таму аддаць даніну павагі мы, школьнікі, маглі амаль толькі адзін раз у год – падчас парада Перамогі на 9 мая. Добра памятаю, як у адзін з такіх дзён у сярэдзіне дзевяностых нас, вучняў восьмых класаў Свіслацкай школы № 1, расцягнуўшы ўздоўж ліпавай алеі, паставілі каля дрэў па абодва бакі дарогі ў парку. Мы стаялі прыгожыя: хлопцы – у касцюмах, у дзяўчат бялелі стужкі ў валасах, адблісквалі на сонцы школьныя фартукі. Кожны з нас трымаў у руках букеты цюльпанаў і нарцысаў, якія трэба было ўручыць ветэранам вайны, калі яны пайдуць міма нашай варты.

Стаяла на вызначаным месцы пад дрэвам з кветкамі ў руцэ і я. Калона ветэранаў, аддаўшы паклон ля помніка загінуўшым у гады вайны, пачала свой ход і ўлілася ў алею з людзей і дрэў. Хлопцы і дзяўчаты, як і было загадана, адзін за адным працягвалі ветэранам кветкі. Я стаяла далёка ад пачатку алеі і, калі ветэраны параўняліся са мной, – разгубілася.

Калона буяла кветкамі: жоўтыя, чырвоныя, белыя плямы запоўнілі прастору між радамі ветэранаў. Кожны з іх трымаў поўныя бярэмі кветак-падзяк. Адна за адной міналі мяне стройныя шарэнгі, а я так і не магла зрабіць крок і працягнуць сваё “дзякуй”. Хваляванне ахапіла мяне. Я паглядала на аднакласнікаў – яны добрасумленна, убачыўшы ветэранаў, дарылі ім букеты. Я ж стаяла стаўбом і адчувала, што не магу прымусіць сябе зварухнуцца.

Не ведаю, чым магла скончыцца для мяне гэта замінка, калі раптам я быццам прачнулася. Ішлі апошнія рады ветэранаў. Нехта дапамагаў сабе пры хацьбе кульбай, іншыя ішлі, узяўшы адзін аднаго пад руку. У такт ім рухаліся і бразгалі медалі на пінжаках. Кветак у руках яны не трымалі. Не хапіла. Вось ён, момант! Вось для чаго я была патрэбна. Я ж іх чакала! Выдыхнуўшы з палёгкай, я падзяліла свой букет на часткі і аддала кветкі. А разам з імі – сваю пашану, удзячнасць і пакланенне.

Год таму

Гэта было першае маё дзеявятае мая на Слонімшчыне. Людзі стаялі ля помніка Воіну-вызваліцелю, што ў скверы. Прымасціўшыся збоку, я назірала за ходам урачыстага мітынгу, каб потым усё перадаць на старонках газеты. Ветэраны размясціліся на спецыяльна падрыхтаваных для іх крэслах. Кіраўнік раённай улады, вайскоўцы, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў выказвалі віншаванні, дзякавалі ветэранам за Перамогу і хвілінай маўчання ўшаноўвалі памяць тых, хто не вярнуўся з вайны.

Прысутныя ўсклалі вянкі і кветкі да падножжа помніка. Мужчыны, жанчыны падыходзілі, нізка кланяліся, вайскоўцы аддавалі гонар, аркестр іграў урачысты марш. Адзін за другім ішлі да помніка ветэраны.

Усё, як гаворыцца, ішло па плану і, здавалася, урачыстасць так і застанецца ў памяці чуллівай, але адной з многіх такіх жа гадавін Перамогі, якія мы святкуем штогод.

Раптам балюча стала вачам ад слёз, і сэрца маё пачало біцца ў хуткім рытме. Бачыла я ў гэту хвіліну сярод мноства людзей толькі аднаго чалавека.

Ён стаяў крыху наводдаль, развярнуўшыся тварам да помніка, да якога ўсё ішлі і ішлі людзі. Відаць было, што ўзрост не дазваляе яму па-ваеннаму выпрастаць постаць. І я адчувала, што вялікага намагання яму каштуе спроба ўтрымаць былую вайсковую выпраўку. Аднак ён стаяў. Адзін. У светлым шэрым касцюме, з медалямі на грудзях, у фуражцы на сівой галаве. Прыклаўшы руку да яе брыля, ён аддаваў гонар тым, хто застаўся ляжаць у зямлі, хто загінуў у баях за Радзіму, гонар іх памяці, подзвігу. Рука ветэрана дрыжала, як звыкла трасуцца рукі ў сталых людзей.

Слёзы цяклі па маіх шчаках, я не магла варухнуцца. Вакол стаяў рух, гаманілі людзі, расла гара кветак ля падножжа. Я ж не бачыла нічога, акрамя яго. І не было ў той момант для мяне нікога шчырэй за ветэрана і яго рукі, дробнай дрыготкай, аддаючай гонар перад помнікам.

Кацярына ВЕСЯЛУХА.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.