Мова твая і мая – клас з беларускай мовай навучання у 10 школе

P1040326

Мова – святыня народа, яго бяссмерце. Здрадзіць гэтай святыні – недаравальна ніводнаму з нас.

Кожны, паважаючы сябе беларус, павінен вывучаць і ведаць гісторыю сваёй краіны, яе культуру і сваю родную мову.

Настаўнікі  пачатковых класаў сярэдняй школы №10 прывіваюць сваім вучням любоў да роднай мовы на ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытання, на факультатыўных занятках “Спадчына”,  “Роднае слова” ,”Кніга запрашае ў падарожжа”.  Праводзяць выхаваўчыя гадзіны на беларускай мове у межах акцыі “Я – грамадзянін рэспублікі Беларусь” , маляўніча і змястоўна афармляюць пазакласныя мерапрыемствы, звязаныя з самабытнай культурай беларусаў. Вучнімалодшых класаў выпісваюць і  з задавальненнем чытаюць часопіс “Вясёлка” . У школе  створаны і папаўняецца этнаграфічны куток, дзе дзеці могуць убачыць прадметы  нацыянальнанага побыту беларусаў, вырабы з саломкі, гліны, ільну.

Традыцыйным стала правядзенне ў школе Тыдня  беларускай мовы і літаратуры, культуры і мастацтва. Ён накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы. Многія выпускнікі нашай школы кожны год выбіраюць на тэсціраванні беларускую мову і маюць выдатныя вынікі.

У 2014/2015  навучальным годзе ў сярэдняй школе №10 плануецца адкрыццё першага класа з беларускай мовай навучання. Навучанне грамаце – першая прыступка ў школьным курсе роднай мовы. Менавіта на ўроках граматы ў вучняў выхоўваецца цікавасць да роднай мовы, фарміруюцца новыя адносіны да яе: дзеці пачынаюць асэнсоўваць мову як сродак зносін, як інструмент пазнання навакольнага жыцця.

На сённяшні дзень такі клас у школе ўжо існуе — гэта 3 “А”, дзе навучаецца 12 дзяўчынак  і 3 хлопчыкі, класны кіраўнік Куліна Ірына Канстанцінаўна.  У класе стала добрай традыцыяй правядзенне гістарычных падарожжаў:  “Замкі Беларусі”, “Старажытныя гарады Беларусі”; конкурсаў, віктарынаў, пазнавальных гадзін і г.д. Свае творчыя здольнасці паказалі вучні ў конкурсе  чытачоў “Люблю цябе, Белая Русь!”, у конкурсе малюнкаў і плакатаў “Сем цудаў Беларусі”.

Вучні класа на працягу года наведваюць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Гульні. Святы. Абрады.”  Мэта заняткаў– далучэнне дзяцей да нацыянальна-культурнай спадчыны беларусаў, іх  звычаяў, быту, святаў і абрадаў; пашырэнне ведаў аб гісторыі беларускага народа, выхаванне нацыянальнай самасвядомасці. На занятках вучні знаёмяцца з тым, як жылі нашыя продкі, якія святы адзначалі і чаму яны былі прысвечаны, ствараюць міні-драматызацыі вядомых святаў: Калядак, Гуканне вясны, Масленіцы, Купалля.  Часта заняткі праходзяць у школьным этнаграфічным кутку, у якім сабраны прылады працы нашых дзядоў і прадзедаў, беларускае адзенне, вырабы народных майстроў і ўмельцаў : ручнікі, абрусы, карункі, гліняны посуд.

Наведваюць вучні і факультатыў “Кніга запрашае ў падарожжа” , заняткі якога ствараюць умовы для спасціжэння вучнямі нацыянальнага каларыту беларускай мовы, удасканаленню іх моўнай культуры, цікавасці да твораў беларускай дзіцячай літаратуры.

У лютым у школе адбыўся  Дзень адчыненых дзвярэй, дзе бацькі змаглі наведаць урокі беларускай мовы і літаратуры, а таксама пазакласныя мерапрыемствы  ў межах акцыі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

Мы вельмі спадзяёмся, што ў нашай школе  адкрыецца яшчэ адзін беларускамоўны клас. Мы звяртаемся да бацькоў горада Слоніма: не забывайце, што ў сярэдняй школе №10 заўсёды пойдуць вам насустрач, калі вы пажадаеце вучыць сваё дзіця па-беларуску.  Выбар  за вамі, шаноўныя бацькі першакласнікаў.

 Ірына Умецкая,

намеснік дырэктара  СШ№10 г. Слоніма

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.