Каб любіць сваю радзіму

У Новадзявяткавіцкай сярэдняй школе прайшоў семінар для намеснікаў дырэктароў па выхаваўчай і вучэбна-выхаваўчай рабоце на тэму «Фарміраванне любові да сваёй малой радзімы, каштоўнасных адносін да гісторыі і культуры роднага краю». Месца правядзення выбрана невыпадкова: Новадзявяткавіцкая школа ўжо даўно вядома сваімі багатымі традыцыямі па выхаванню ў дзяцей пачуцця любові да сваёй Радзімы праз краязнаўчую дзейнасць.

Адкрыла семінар начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама М.А. Ерамейчык, якая падкрэсліла актуальнасць вызначанай тэмы. Дырэктар Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Д.А. Блізнюк адзначыў, што для кожнага чалавека Радзіма пачынаецца з любові да той зямлі, на якой ён нарадзіўся і жыве. Кіраўнік расказаў пра напрацоўкі калектыву ў напрамку краязнаўча-даследчай работы. Вопыт работы ўстановы па фарміраванню каштоўнасных адносін да гісторыі і культуры малой радзімы асвятліла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.В. Стульская.

Удзельнікі семінара наведалі розныя мерапрыемствы: эка-квэст «Гэта Зямля – твая і мая» (Т.У. Бірук, настаўнік хіміі і біялогіі); біенале творчых праектаў аб малой радзіме, да падрыхтоўкі якога творча падышлі настаўнікі І ступені навучання В.В. Нагар, Н.С. Лысая, Н.П. Якубчык, Т.М. Серая; бінарны ўрок літаратуры з выкарыстаннем музейнай педагогікі па тэме «Уладзімір Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі». Сувязь твора з этнаграфічнай навукай» (яго правялі настаўнік беларускай мовы і літаратуры В.Д. Блізнюк і кіраўнік комплекснага краязнаўчага музея «Дыяменты даўніны» Т.П. Ракуць). Пад кіраўніцтвам Таццяны Пятроўны, захопленай сваёй справай па захаванні гісторыі новадзявяткавіцкай зямлі, экскурсію для гасцей правялі вучні школы, якія распавядалі пра гісторыка-культурную спадчыну мясцовасці, прадэманстравалі музейныя экспанаты.

На трэнінгу педагога-псіхолага А.П. Матвіені, які быў напоўнены аўтарскім і індывідуальным зместам, госці мерапрыемства змаглі на сабе адчуць вялікую выхаваўчую магчымасць краязнаўства, падзяліцца ўласнымі ўспамінамі і ўражаннямі аб тых куточках зямлі, дзе нарадзіліся і адкуль ступілі ў дарослае жыццё.

Насычаная падзеямі сустрэча прынесла зарад станоўчых эмоцый, прысутныя пераканаліся, што выхаванне ў дзяцей любові да Радзімы павінна пачынацца з нас, дарослых. Менавіта ад нашага стаўлення да Радзімы, нашай дэманстрацыі сваіх пачуццяў да родных мясцін, гісторыі і спадчыны краіны, прыхільнасці да месца нараджэння, павагі да сваёй мовы, традыцый, культуры і будуць залежаць тыя пачуцці, якія ўзнікнуць у дзяцей.

А. СТУЛЬСКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.