Уз’яднанне ўніятаў з Праваслаўнай Царквою

25 лютага 2019 года споўнілася 180 гадоў з дня знешне зусім непрыкметнай, але па важнасці сваёй сапраўды вялікай падзеі нашай гісторыі – Полацкага ўніяцкага сабора, які прыняў гістарычнае рашэнне пра ўз’яднанне ўніяцкай царквы з Царквою Праваслаўнаю.

Знешне гэтая падзея была сапраўды малапрыкметнай. Пра будучы сабор загадзя публічна не аб’яўлялася, каб пазбегнуць магчымага супрацьдзеяння і правакацый. На самім саборы, акрамя яго непасрэдных удзельнікаў, ніякіх пабочных асоб не было. Дакументы, прынятыя саборам, былі складзены загадзя, і ўсе ўдзельнікі сабора былі з імі знаёмыя. Паміж сабранымі была поўная аднадушнасць. Паколькі рашэнне уніяцкай іерархіі і начальніцкага духавенства пра вяртанне ў Праваслаўе было справай выключнай важнасці, то ніякімі іншымі пытаннямі сабор не займаўся. Так што знешне ўсё адбылося сціпла і малапрыкметна, але гэтае вялікае дзеянне было глыбока прадумана і вельмі пільна і акуратна падрыхтавана. Прадумана і падрыхтавана найперш уніяцкім епіскапам Іосіфам (Сямашкам). Трэба асабліва адзначыць, што менавіта такі спосаб рашэння пытанняў быў яму ўласцівы. Заканчваючы ў 1861 годзе свае знакамітыя «Запіскі», мітрапаліт Іосіф пісаў: «Я ніколі не цаніў клапатуноў, наадварот, лічу іх больш здольнымі сапсаваць справу, чым яе зрабіць. Сам усе распараджэнні абдумваў і рыхтаваў без агалоскі, у цішы кабінета. Кожная справа здзяйснялася нібы знянацку, нечакана, і я не раз меў задавальненне бачыць здзіўленне многіх: як тое ці іншае адбылося? Яны лічылі тое, што адбылося, амаль выпадкам, у той час калі мне гэта каштавала стомнай, часта працяглай разумовай працы, якой ні ведаць, ці ацаніць ніхто не мог. Амаль усе мае дзеянні рыхтаваліся і адбываліся без шуму; і гэта нават было залогам поспеху іх, адхіляючы магчымасць супрацьдзеяння» . Гэтае прызнанне мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) у многім тлумачыць і характар уніяцкага сабора 1839 года, які быў падрыхтаваны яго руплівай працай.

Зыходным пунктам працэсу падрыхтоўкі ўз’яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўнаю Царквою трэба лічыць 1827 год. Менавіта ў гэтым годзе ў маладога ўніяцкага прэлата Іосіфа Сямашкі (які ўжо пяць гадоў правёў у Пецярбургу) канчаткова сфарміраваўся праваслаўны светапогляд і ён усвядоміў, што не можа заставацца членам уніяцкай царквы. Ён вырашыў прыняць Праваслаўе і стаць манахам Аляксандра-Неўскай лаўры. Рашэнне гэтае далося яму нялёгка. Ён добра разумеў, што людзей, якія пакідаюць сваё веравызнанне і пераходзяць у іншае, людзі звычайна асуджаюць, таму што гэты пераход часта бывае дзеля якой-небудзь выгады. Аднак гэта не адзіная прычына асуджэння. Разважаючы пра гэта, малады Іосіф Сямашка называе і больш глыбокую прычыну: «амаль поўная абыякавасць да ўсяго свяшчэннага». Ён прыводзіць фразу, якую і тады, і цяпер можна часта пачуць: «Ва ўсякай веры можна быць сумленным чалавекам». Людзей, якія падзяляюць гэтую думку, Іосіф Сямашка называе паўхрысціянамі, бо яны разважаюць усяго толькі пра сумленнасць, а не пра спасенне. Зусім інакш мысліць Іосіф Сямашка: «Іісус Хрыстос прынёс нам з неба адну спасіцельную, адну чыстую і ісцінную веру: адзін Бог, адна вера, адно хрышчэнне, – сказаў апостал Павел. Гэтая вера адна вядзе праўдзівым шляхам да дабрадзейнасці і вечнага блажэнства. Няўжо нам забаронена шукаць гэтай бажэственнай і спасіцельнай веры?.. Выбіраем старанна суполкі для выхавання розуму і сэрца нашага – няўжо сорамна выбіраць веравызнанне, якое прыводзіць да дабрадзейнасці і вечнага спасення?» Значыць, рашэнне прынята.

А потым здарыўся выпадак, які свяціцель Іосіф лічыў правідэнцыяльным. У самым пачатку лістапада 1827 года Іосіф Сямашка па службовых абавязках сустракаўся з дырэктарам дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў Рыгорам Іванавічам Карташэўскім. Размова зайшла пра справы ўніяцкай царквы. Карташэўскі ўважліва выслухаў маладога ўніяцкага прэлата, а потым папрасіў яго выкласці свае думкі на паперы. Іосіф Сямашка ўбачыў у гэтым указанне з неба, перст Божы. Цяпер ён вырашыў, што не толькі сам можа перайсці ў Праваслаўе, але можа таксама прывесці ў Праваслаўную Царкву ўніяцкае духавенства і народ. У найбліжэйшыя дні Іосіф Сямашка піша запіску «Пра стан ў Расіі ўніяцкай Царквы і сродкі вярнуць яе ва ўлонне Царквы Праваслаўнай» і аддае гэтую запіску 5 лістапада 1827 года Р.І. Карташэўскаму. У запісцы даецца глыбокі аналіз стану ўніяцкай царквы і выказваецца ўпэўненасць, што ўсё ўніяцкае духавенства ўсіх 1500 прыходаў, калі гэтаму духавенству «даць праз выхаванне належны напрамак» і «аддаліцьтрохі ад рымлян» (г. зн. ад рыма-католікаў), цалкам можа перайсці ў Праваслаўе, а «народ лёгка пойдзе шляхам, пастырамі сваімі ўказаным» . У запісцы аргументавана выкладзены канкрэтныя захады, якія прапанавалася зрабіць ураду для таго, каб абараніць уніяцкую царкву ад паглынання яе каталіцтвам, аднавіць у ёй чысціню ўсходняга богаслужэння і такім чынам наблізіць да Праваслаўя.

Вось некаторыя з гэтых прапаноў: кіраванне ўніяцкай царквою зрабіць самастойным, незалежным ад кіравання каталіцкаю царквою, для чаго ўтварыць асобную Грэка-уніяцкую духоўную калегію. (Да таго часу ўніяцкая царква кіравалася Рымска-каталіцкай духоўнай калегіяй, што ставіла ўніятаў у залежнае становішча ад католікаў). Аддаліць месцазнаходжанне ўніяцкіх епіскапскіх кафедр ад тых месц, дзе знаходзяцца кафедры рымска-каталіцкіх епіскапаў, каб зменшыць уплыў рыма-католікаў на ўніятаў. Павысіць узровень адукацыі свяшчэннікаў, для чаго адкрыць дадатковыя ўніяцкія навучальныя ўстановы, дзе выхоўваць уніяцкую моладзь у патрэбным кірунку. Больш справядліва размяркоўваць фінансавыя сродкі ўніяцкай царквы, забіраючы частку даходаў з манастыроў і накіроўваючы іх на ўніяцкія навучальныя ўстановы. Гэтая прапанова была надзвычай актуальнай, паколькі, паводле статыстыкі, «даходы аднаго манаха больш як у сорак разоў перавышалі даходы ўніяцкага свяшчэнніка, абцяжаранага між тым сям’ёю і прычтам».

Адмяніць права так званага «прэзента», г. зн. права памешчыка прадстаўляць епіскапу кандыдатуру на рукапалажэнне ў сан. Гэта было асабліва важна па той прычыне, што памешчыкі былі ў большасці сваёй католікамі з польскай свядомасцю і прапаноўвалі, як правіла, тыя кандыдатуры, якія былі прапольскай арыентацыі.

Ва ўсіх ўніяцкіх навучальных установах перайсці з польскай мовы выкладання на рускую. На жаль, немагчыма было ставіць пытанне пра выкладанне на беларускай мове, бо беларуская літаратурная мова яшчэ не была распрацавана.

Заканчваецца запіска шчырым прызнаннем: «Няхай даравана будзе гэта той шчырасці і руплівасці, з якімі я жадаў бы бачыць паўтара мільёна сапраўды рускага народа (г. зн. беларусаў – С. Г.) калі не з’яднаным, то ва ўсякім разе набліжаным, калі не зусім дружным, то і не варожым да старэйшых сваіх братоў!».

Запіска была перададзена імператару Мікалаю І, і ён вельмі ўзрадаваўся, азнаёміўшыся з ёю. Было прынята рашэнне дзейнічаць ва ўказаным напрамку. 22 красавіка 1828 года з’явіўся сенацкі ўказ «Пра заснаванне Грэка-уніяцкай духоўнай калегіі». Следам пайшлі наступныя рэформы: былі ўтвораны тры адміністратыўныя камісіі для кіравання агульнай маёмасцю і капіталамі ўніяцкага ведамства, адкрыта ўніяцкая семінарыя ў Жыровічах (1828 год), для ўніяцкіх семінарый і духоўных вучылішч складзены былі ўставы на ўзор праваслаўных, для ўніяцкіх навучальных устаноў бясплатна выдзелілі больш як 1000 экземпляраў праваслаўных падручнікаў. Забаранілі прымаць ва ўніяцкія манастыры рыма-католікаў, паколькі яны кепска ведалі асаблівасці ўсходнеславянскага літургічнага жыцця і мову ўніяцкага богаслужэння і таму імкнуліся да зліцця ўніяцтва з польска-лацінскім каталіцтвам. Дзецям уніяцкага духавенства далі тыя самыя правы і прывілеі, якія мелі дзеці праваслаўных свяшчэннаслужыцеляў. Дзесяціна, якая збіралася з уніятаў на карысць лацінскага духавенства, цяпер прызначалася для ўніяцкіх свяшчэннікаў. Гэтыя рэформы ўніяцкага царкоўнага жыцця прыходскае духавенства сустрэла з энтузіязмам: яно адчула, што расійскі ўрад пра іх дбае. Атрымаўся сапраўдны гістарычны парадокс: польскі кароль Жыгімонт ІІІ, пераконваючы ў 1595 годзе праваслаўных архіерэяў прыняць унію, урачыста з клятваю абяцаў ім сваімі «даравальнымі граматамі», што ўніяцкае духавенства атрымае ўсе тыя правы і прывілеі, якімі карыстаюцца католікі. Але абяцанне гэтае не ім самім, ні яго «найяснейшымі нашчадкамі», за якіх ён наперад ручаўся, так і не было выканана за ўсю гісторыю Рэчы Паспалітай. І вось, нарэшце, урад Расійскай імперыі ўраўняў уніяцкае духавенства з каталіцкім!

Пераканаўшыся ў тым, што ўрад кіруецца яго прапановамі, Іосіф Сямашка адклаў сваё асабістае далучэнне да Праваслаўнай Царквы, спадзеючыся прывесці да ўз’яднання ўсё духавенства і народ. Таму ён прыняў прапанову стаць уніяцкім епіскапам. 4 жніўня 1829 года адбылася яго епіскапская хіратонія, а некалькі дзён раней – манашаскі пострыг з захаваннем таго самага імя. Прамаўляючы архіерэйскую прысягу, ён апусціў некаторыя словы, якія супярэчылі яго сумленню. Найхутчэй, гэта былі словы пра вернасць рымскаму папу.

Стаўшы ўніяцкім епіскапам, Іосіф Сямашка пачаў падбіраць кадры на адміністратыўныя пасады з ліку духавенства, якое праяўляла сімпатыі да Праваслаўнай Царквы і гатова было працаваць у кірунку набліжэння ўніяцтва да Праваслаўя. Так рэктарам новаадкрытай духоўнай семінарыі ў Жыровічах стаў яго даўні сябар і аднадумец протаіерэй Антоній Зубко. Жадаючы ўздзейнічаць на свядомасць уніяцкага духавенства, епіскап Іосіф пераклаў з рускай мовы на польскую твор свяціцеля Маскоўскага Філарэта «Размовы паміж дапытлівым і ўпэўненым аб Праваслаўі Грэка-Расійскай Усходняй Царквы». Так шырокія колы прыходскага духавенства паступова знаёміліся з праваслаўным веравучэннем. Рэформы па збліжэнні ўніяцтва з Праваслаўем ішлі паспяхова.

Аднак у 1831 годзе адбылося польскае паўстанне. Урад, натуральна, прымаў меры для яго падаўлення, а потым праводзіў некаторыя рэформы, звязаныя з наступствамі паўстання. У сувязі з гэтым уніяцкае пытанне адышло на другі план, што вельмі засмуціла епіскапа Іосіфа. Ён напісаў дзве запіскі на імя Дзмітрыя Мікалаевіча Блудава, міністра ўнутраных спраў, якому яшчэ раней імператар даручыў займацца ўніяцкім пытаннем, але рэакцыі на гэтыя запіскі не было. Тады епіскап Іосіф пачаў дзейнічаць больш рашуча. Ён прапанаваў тры кандыдатуры на епіскапскую хіратонію: двух сваіх аднадумцаў протаіерэяў Антонія Зубко і Васілія Лужынскага, а таксама кандыдатуру архімандрыта Іасафата Жарскага, які не быў прыхільнікам збліжэння ўніяцтва з Праваслаўем, але вельмі хацеў стаць архіерэем.

Епіскап Іосіф, вылучаючы гэтыя кандыдатуры, усім тром кандыдатам шчыра сказаў, што рыхтуецца ўз’яднанне ўніяцкай царквы з Праваслаўнай, і прапанаваў ім падпісаць заяву пра сваю гатоўнасць далучыцца да Праваслаўя. Усе тры кандыдаты паставілі свае подпісы. Гэтым самым епіскап Іосіф узмацніў сваю пазіцыю двума новымі епіскапамі-аднадумцамі і адначасова нейтралізаваў свайго праціўніка, які насуперак свайму ўнутранаму перакананню падпісаў заяву і тым самым абмежаваў свае магчымасці перашкаджаць збліжэнню ўніяцтва з Праваслаўем.

7 лютага 1834 года епіскап Іосіф на пасяджэнні Грэка-уніяцкай калегіі выступіў з некалькімі прапановамі: 1) уніяцкаму духавенству прыняць за ўзор праваслаўны Служэбнік і Кнігу малебных спеваў; 2) зрабіць ва ўсіх храмах іканастасы; 3) уводзіць ва ўжытак праваслаўнае аблачэнне і ўласцівыя праваслаўнаму богаслужэнню літургічныя прадметы. Усе гэтыя прапановы былі прыняты. Подпісы паставілі ўсе ўніяцкія архіерэі, у тым ліку і мітрапаліт Іасафат Булгак, які не быў прыхільнікам уз’яднання ўніятаў з Праваслаўем. Такая аднадумнасць тлумачыцца тым, што ўсе яны добра ведалі, што пры ўзнікненні ўніяцтва Рым урачыста абяцаў захаваць нязменнымі чыны і абрады ўсходняга богаслужэння, але не выканаў абяцання. Іосіф Сямашка ўсяго толькі прапанаваў вярнуць уніяцтву яго першапачатковы выгляд.

Трэба асабліва падкрэсліць, што гэтыя прапановы зыходзілі не ад ураду, а непасрэдна ад епіскапа Іосіфа. Больш таго, калі пра гэтую пастанову Грэка-уніяцкай калегіі епіскап Іосіф расказаў міністру ўнутраных спраў Д.М. Блудаву, то апошні «вельмі ўстрывожыўся». Сваю насцярожанасць выказаў і Маскоўскі свяціцель Філарэт (Драздоў). Але епіскапу Іосіфу ўдалося пераканаць мітрапаліта Філарэта ў правільнасці сваіх дзеянняў.

25 красавіка 1834 года епіскап Іосіф падае дакладную запіску, у якой прапануе ўраду стварыць асаблівы камітэт для каардынацыі дзеянняў уніяцкай і праваслаўнай іерархіі і дзяржаўных чыноўнікаў. Мітрапаліт Маскоўскі Філарэт падтрымаў гэтую прапанову, і такі сакрэтны камітэт быў створаны.

Вельмі важнымі ў справе падрыхтоўкі ўз’яднання ўніятаў з Праваслаўем былі паездкі епіскапа Іосіфа па ўніяцкіх епархіях. Першае такое падарожжа было ў 1830 годзе. У гэты час епіскап Іосіф звярнуў асаблівую ўвагу на арганізацыю навучальнага працэсу ў дзвюх уніяцкіх семінарыях – Полацкай і Жыровіцкай. Асабліва радаснымі былі ўражанні ад Жыровіцкай семінарыі. Тут быў падабраны калектыў выкладчыкаў-аднадумцаў, якія свядома выхоўвалі ўніяцкіх юнакоў у праваслаўным духу. Рэктар семінарыі, які пазней стаў архіепіскапам Мінскім, Антоній (Зубко) пісаў у сваіх успамінах: «Жыровічы былі аазісам Літоўскай епархіі, дзе выпрацоўваўся і ствараўся незалежны погляд на жыццё, на Русь і Польшчу, на Праваслаўе, рымскі каталіцызм і унію».

Епіскап Іосіф, наведваючы Жыровічы, прапанаваў праўленню семінарыі ўвесці ў ёй вывучэнне праваслаўнага катэхізіса, складзенага Маскоўскім свяціцелем Філарэтам, замест лацінскага катэхізіса. Прапанова была прынята.

У 1833 годзе епіскап Іосіф зноў наведвае Жыровічы. У час гэтай паездкі ён адмяняе ўжыванне арганаў і аркестра за богаслужэннем, утварае хор пеўчых і адкрывае духоўнае вучылішча.

У 1834 годзе епіскап Іосіф чарговы раз наведвае сваю Літоўскую епархію. У час гэтай паездкі ён сустракаецца больш як з 800 свяшчэннікамі і з кожным з іх праводзіць індывідуальную гутарку. У час гэтых гутарак ён ацэньваў узровень адукацыі духавенства, а таксама яго адносіны да тых пераўтварэнняў, што праводзіліся ва ўніяцкай царкве. У залежнасці ад гэтага адных ён прызначаў благачыннымі альбо настаяцелямі вялікіх прыходаў, а другіх, наадварот, пераводзіў у меншыя прыходы і нават на пасады псаломшчыкаў. Свяшчэннікаў, якія паказвалі нізкі ўзровень ведаў, епіскап Іосіф абавязаў прайсці кароткатэрміновыя курсы ў Жыровічах, на якіх, акрамя практычных заняткаў, праводзіліся гутаркі, праз якія духавенства пераконвалася ў неабходнасці збліжэння з Праваслаўнаю Царквою. У 1833 і 1834 гадах дзесяць прадстаўнікоў духавенства заявілі епіскапу Іосіфу пра сваю гатоўнасць далучыцца да Праваслаўя і заверылі сваю заяву асабістым подпісам.

У 1837 годзе епіскап Іосіф зноў адправіўся ў падарожжа па ўніяцкіх епархіях. На працягу чатырох месяцаў ён наведаў дзве семінарыі, дзевяць духоўных вучылішч і 119 храмаў, усюды размаўляў з духавенствам і пераконваў яго ў неабходнасці далучыцца да Праваслаўя. У Літоўскай епархіі ўжо 114 прадстаўнікоў духавенства далі падпіску ў гатоўнасці перайсці ў Праваслаўе, у Беларускай епархіі – 21 чалавек. Гэта тлумачыцца тым, што Літоўскай епархіяй кіраваў епіскап Іосіф, а Беларускай – мітрапаліт Іасафат Булгак, які не імкнуўся да з’яднання з Праваслаўнаю Царквою.

Аднак у лютым 1838 года мітрапаліт Іасафат памёр, адышоў у вечнасць і яшчэ адзін праціўнік уз’яднання – епіскап Іасафат Жарскі. Цяпер сярод епіскапату праціўнікаў уз’яднання не было. Па гэтай прычыне і прыходскае духавенства стала ахвотней схіляцца да уз’яднання. У пачатку 1839 года ўжо пераважная большасць уніяцкага духавенства дало падпіску пра сваю гатоўнасць да уз’яднання. Настаў кульмінацыйны момант.

12 лютага 1839 года, у Нядзелю Праваслаўя, у Полацку адбыўся ўніяцкі царкоўны сабор, які прыняў гістарычнае рашэнне пра ўз’яднанне ўніятаў з Праваслаўнаю Царквою. У саборным акце канстатавалася, што некалі, пры неспрыяльных для Праваслаўя гістарычных умовах, частка Рускай Царквы была гвалтоўна адарвана ад яе, у выніку чаго і з’явілася ўніяцтва. З цягам часу ў ім былі пад уплывам рыма-католікаў пашкоджаны праваслаўнае веравучэнне і богаслужэнне, аднак у апошнія гады адбываўся працэс вяртання ўніяцкага царкоўнага жыцця да яго першапачатковага стану. «Свяшчэнныя абрады адноўлены ў старажытнай іх чысціні», – пісалі аўтары дакумента, – і таму цяпер уніяты настолькі зблізіліся з Праваслаўнаю Царквою, што «трэба ўжо не столькі аднавіць, колькі выказаць наша з ёю адзінства». Пад гэтым саборным актам стаялі подпісы ўсіх трох уніяцкіх епіскапаў і яшчэ 21 подпіс начальніцкага духавенства (г. зн. членаў Грэка-уніяцкай духоўнай калегіі, членаў епархіяльных кансісторый, рэктараў і інспектараў семінарый і г. д.), г. зн. 24 подпісы. Акрамя таго, да саборнага акта былі дададзены подпісы яшчэ 1305 духоўных асоб, якія не прысутнічалі на саборы і нават у большасці сваёй не ведалі даты яго правядзення, але загадзя пісьмова заявілі пра сваю гатоўнасць уз’яднацца з Праваслаўнаю Царквою. У гэты дзень у Сафійскім кафедральным саборы была ўрачыста адслужана Бажэственная Літургія, на якой не памінаўся рымскі папа, а паміналіся ўсходнія праваслаўныя патрыярхі Канстанцінопальскі, Александрыйскі, Антыяхійскі і Іерусалімскі і Свяцейшы Сінод Рускай Царквы, а Сімвал веры гучаў без Filioque. Так свяшчэннаслужыцелі, якія на чале з епіскапам Іосіфам (Сямашкам) правілі Літургію, засведчылі пра свой пераход у Праваслаўе.

Полацкі сабор 1839 года стаў у поўным сэнсе гэтых слоў момантам ісціны. Для тых, хто даўно яго чакаў і імкнуўся да ўз’яднання з Праваслаўнаю Царквою, настала здзяйсненне іх мар і жаданняў. Тыя, што сумняваліся і чакалі канчатковага рашэння іерархіі і большасці духавенства («як усе, так і я»), нарэшце, убачылі рэальны стан рэчаў, і гэта дапамагло ім вызначыць сваю пазіцыю. У найбліжэйшы час пасля Полацкагасабора, у 1839-1840 гадах, яшчэ 146 прадстаўнікоў уніяцкага духавенства падалі пісьмовыя прашэнні аб далучэнні да Праваслаўя. Архіепіскап Іосіф (Сямашка), епіскапы Антоній (Зубко) і Васілій (Лужынскі) і многія іх аднадумцы на працягу наступных дзесяцігоддзяў рупліва ўмацоўвалі і пашыралі Праваслаўную веру на беларуска-літоўскіх землях. Дзякуючы іх апостальскаму подзвігу існуе праваслаўная епархія ў сучаснай Літве. Дзякуючы іх служэнню сёння 80% насельніцтва Беларусі адносіць сябе да Праваслаўнай Царквы, тады як у канцы XVIII стагоддзя больш як 70% беларусаў былі ўніятамі, 10% былі рыма-католікамі і толькі 15% – праваслаўнымі.

Хачу асабліва падкрэсліць, што пры падрыхтоўцы Полацкага сабора галоўным інструментам епіскапа Іосіфа і яго памочнікаў было перакананне. Сучаснік гэтых падзей былы ўніяцкі свяшчэннік Плакід Янкоўскі пазней успамінаў: «Якіх глыбокіх разваг, якой напружанай працы, якіх утомных індывідуальных захадаў, якой разнастайнасці ў прымяненні іх, якой паблажлівасці да слабасцей, якога вешчага чуцця пры непаразуменнях, якой пяшчоты, увогуле такту і дару пераканання патрабавалася тут на кожным кроку ў адносінах да гэтых людзей (уніяцкіх свяшчэннікаў – С.Г.), якія былі незласлівымі і непрадузятымі, але спасылаліся пастаянна то на запавет бацькоў, то на прысягу, узятую ў іх пры рукапалажэнні (прысяга на вернасць рымскаму папу – С.Г.), то, урэшце, на неабходнасць саборнага аўтарэтэту, якому яны гатовы наперад і без пярэчання падпарадкавацца…». Адных удавалася пераканаць адразу, другіх – пазней, а трэціх – зусім не атрымлівалася. У якасці прыклада прывяду звесткі пра двух уніяцкіх свяшчэннікаў, найбольш блізкіх мітрапаліту Іосіфу.

Першы з іх – гэта бацька свяціцеля, таксама Іосіф, які з 1811 года быў уніяцкім свяшчэннікам. Працэс падрыхтоўкі Полацкага сабора яго не закрануў, і ён нават разгубіўся, калі пра яго даведаўся, пражываючы на Украіне. Спатрэбіўся цэлы год, на працягу якога архіепіскап Іосіф пераконваў і прасіў свайго бацьку прыняць Праваслаўе. Аднойчы бацька прамовіў: «Відаць, нездарма ён (архіепіскап Іосіф) нарадзіўся ў той самы дзень, што Іісус Хрыстос. Пэўна, праўда на яго баку!» І ў пачатку 1840 года, ва ўзросце 63 гадоў, ён паслаў свайму сыну пісьмовую згоду на прыняцце Праваслаўя. У наступным годзе ён з Кіеўскай губерніі перасяліўся ў Літоўскую епархію і атрымаў ад сына прыход, на якім рупліва выконваў свае пастырскія абавязкі, за свае ўласныя сродкі рамантваваў храм і змог перавесці ў Праваслаўе 156 католікаў.

Другі блізкі свяціцелю Іосіфу ўніяцкі свяшчэннік – яго родны брат Іаан Сямашка. Ён не толькі застаўся ўніятам, але нават зневажаў Праваслаўе, а пра мітрапаліта Іосіфа казаў: «Пракляты, ён і сябе ўтапіў, і народ загубіў». Аднойчы ён зайшоў да свайго знаёмага праваслаўнага свяшчэнніка, і апошні, жадаючы зрабіць яму прыемнае, паказаў Іаану партрэт яго славутага брата, мітрапаліта Іосіфа. Іаан схапіў партрэт, з усіх сіл кінуў яго на падлогу, разбіў і тут жа выбег з хаты. Толькі перад смерцю ён прыняў Праваслаўе, але, відаць, не паспеў ці ўжо не змог перапісаць сваё завяшчанне, у якім было ўказана пахаваць яго пры касцёле. Жонка, якая была супраць яго пераходу ў Праваслаўе, пасля яго смерці запрасіла ксяндзоў, якія гатовы былі пахаваць яго па-каталіцку. Пра гэта даведаліся праваслаўныя свяшчэннікі, прыйшлі і забралі ў іх нябожчыка і пахавалі па-праваслаўнаму. Удава айца Іаана пасля смерці мужа перайшла з уніяцтва ў каталіцтва і пазней была пахавана як каталічка. Драматычная гісторыя!

Гэтых двух прыкладаў дастаткова для таго, каб бачыць, што свяціцель Іосіф (Сямашка) зазнаў у адносінах да сябе не толькі павагу і пашану, але вельмі часта і падазрэнне, і варожасць, і нянавісць, але быў цвёрды і непахісны ў сваёй вернасці Праваслаўю.

Подзвіг свяціцеля Іосіфа заключаецца ў тым, што ён склаў выразны план агульнага уз’яднання ўніятаў з Праваслаўем (дагэтуль уз’яднанні былі або індывідуальнымі, або групавымі) і змог яго здзейсніць, пераканаўшы і сваіх калег (уніяцкае духавенства), і дзяржаўных чыноўнікаў дзейнічаць паводле распрацаванага ім плана. Гэты працэс быў глыбока прадуманы і здейснены так, што аказаўся трывалым. У наступныя дзесяцігоддзі і нават пазней гісторыя не раз выпрабоўвала праваслаўнасць беларусаў на трываласць.

Напрыклад, у 1863 годзе, калі выбухнула польскае паўстанне. Мяцежнікі звярталіся да былых уніятаў з заклікам папоўніць рады паўстанцаў, абяцаючы пры гэтым вярнуць уніяцкую веру. У прыватнасці, такія заклікі былі ў «Мужыцкай праўдзе» Каліноўскага. Але ні праваслаўны народ, нядаўна уз’яднаны, ні былыя ўніяцкія свяшчэннікі не падтрымалі паўстання. Наадварот, былі факты мучаніцтва праваслаўнага духавенства за адмову падпарадкавацца польскім паўстанцам, хоць прайшло тады ўсяго 24 гады з часу ўз’яднання.

Яшчэ адзін прыклад. У 20-30 гады мінулага стагоддзя Заходняя Беларусь апынулася ў складзе Польшчы. У гэты час рабіліся энергічныя намаганні адраджэння ўніяцтва, але поспехі былі вельмі протаіерэйсціплымі.

Нарэшце, у сучасны перыяд, пасля распаду Савецкага Саюза, калі на Заходняй Украіне ўніяты выйшлі з падполля і захапілі тысячы праваслаўных храмаў, у нас у Беларусі таксама пачалася ўніяцкая прапаганда, і яна працягваецца, але, дзякаваць Богу, вынікі яе не ўражваюць.

У сучаснай Беларусі больш як 1600 праваслаўных прыходаў і толькі 15 уніяцкіх абшчын, вельмі не шматлікіх. Тое, што сучасная Беларусь – краіна з пераважна праваслаўным насельніцтвам, гэта плён роўнаапостальнага подзвігу свяціцеля Іосіфа (Сямашкі), які вярнуў у Праваслаўе больш як паўтара мільёна беларускіх уніятаў. У гэтым і гістарычнае значэнне Полацкага Сабора 1839 года.

Сергій ГАРДУН, протаіерэй, кандыдат багаслоўя, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.