Беларуская паэтэса са Слоніма, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Ірына Антонаўна Войтка з’яўляецца аўтаркай дзвюх паэтычных зборнікаў: «Спасціжэнне» (2003) і «Пагляджу вачамі неба» (2010). Вершы яе друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, у калектыўных зборніках паэзіі «Золак над Шчарай» (1994), «Зоры над Зальвянкай» (2008), «Паэтычная Слонімшчына»(2000), «Пад гукі паланэза» (2005), “ Старонка” (2019), у хрэстаматыі для старшакласснікаў «Сэрцам роднага слова краніся» (1998), зборніку гістарычнай літаратуры «Бацькаўшчына» (2000), «Дзень паэзіі 2006», «Маладосць» (1992, 2007г.г.), «Пралеска»(2005,2018), «Роднае слова» (1998), у літаратурных альманахах Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «На Нёманскай хвалі» і ў іншых выданнях. Вершы І.Войтка перакладаліся на рускую і ўкраінскую мовы.
Ірына Антонаўна Войтка нарадзілася ў вёсцы Каралін Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці ў 1961 годзе. Скончыла філфак БДУ імя Леніна.
Вершы пачала пісаць яшчэ ў дзяцінстве, калі вучылася ў Каралінскай школе. Хросным бацькам у паэзіі стаў кіраўнік ліаратурнага аб’яднання “ Зоры над Зальвянкай” пры раённай газеце “ Праца” Петр Марціноўскі, які друкаваў творы школьніцы ў газеце. . Асабліае уздзеянне на фарміраанне паэтычных здольнасцей Ірыны аказалі выкладчыкі універсітэта: паэты Алег Лойка, Ніл Гілевіч.
Лірыка Ірыны Войтка напоўнена яркімі назіраннямі з жыцця сучаснага чалавека, разважаннямі аб сэнсе быцця, аб пачуццях і жарсцях чалавечых. Яе паэзія па-філасофску глыбакадумная і інтымна-пранікнёная, звонкая і празрыстая, і ў той жа час поўная эфектных метафар. Але адметнай асаблівасцю ўсіх твораў паэткі з’яўляецца тое, што ў iх адчуваецца подых роднай зямлі, гучыць, пераліваецца на ўсе лады голас роднага краю. Тэматыка яе твораў разнастайная: аб роднай прыродзе, прыгажосці і вечнасці жыцця, аб продках і маці, аб духоўнасці і вечных ісцінах. Патрыятычная тэма займае вялікае месца ў творчасці І.Войткі. Творы паэткі спрыяюць адраджэнню духоўнасці, выхаванню грамадзяніна і патрыёта, які паважае і шануе традыцыі свайго народа, ганарыцца яго духонай культурай. Ірына Антонаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай галоўнага упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага выканаўчага камітэта за значныя дасягненні ў літарна- тврочай і грамадска- культурнай дзейнасці.
Аб сваёй прафесійнай дзейнасці Ірына Антоўна расказала так:
— З 2002 года я працавала загадчыкам дзяржаўнай установы адукаціі «Яслі-сад №3 г.Слоніма». Вызначальным накірункам дзейнасці установы дашкольнай адукацыі стала далучэнне дзяцей да вытокаў беларускай культуры, вывучэнне роднай мовы, выкарыстанне лепшых традыцый народнай педагогікі, выхаванне патрыятызму. З гэтай мэтай ў садку быў створаны этнаграфічны музей і прадметнае асяроддзе. Вопыт работы калектыву двойчы прэзентаваўся ў навукова-метадычным часопісе «Пралеска».
Але поруч з любімай работай жыла, пульсавала на ўсю моц літаратурная дзейнасць, без якой жанчына не ўяўляла жыцця. І таму далучылася да мясцовых літаратараў у літаратурнае аб’днанне пры раённай газеце, якое дапамагло стаць на крыло многім торчым землякам.
Слонімскае літаратурнае аб’яднанне мае сваю гісторыю і традыцыі. Пры раённай газеце «Слонімскі веснік» збіраліся творча адораныя людзі: літаратары, мастакі, музыканты. Яны абмяркоўвалі новыя творы, вучыліся ў папярэднікаў і наступнікаў, будавалі планы на будучыню. Так у 90-ыя гады мінулага стагоддзя раённая газета аб’яднала творчую інтэлігенцыю Слонімшчыны. У 1994 годзе быў выдадзены літаратурны альманах ? «Золак над Шчарай». Яго прадстаўлялі літаратары, члены Саюза пісьменнікаў Анатоль Іверс, Іван Сяргейчык, Васіль Супрун, Алена Руцкая, паэты Алесь Сучок, Рудольф Пастухоў, Ірына Войтка, Алена Бурсевіч і іншыя.
— З 2002 года літаратурные аб’яднанне, створанае пры раённай газеце «Слонімскі веснік» пачало насіць імя Анатоля Іверса, паэта-земляка, члена Саюза пісьменікаў Беларусі, партызана-антыфашыста, — успамінае Ірына Антонаўна. — Кіраўніком быў абраны пісьменнік-афганец Іван Сяргейчык. У 2005 годзе намаганнямі кіраўніка літаб’яднання выйшаў другі альманах слонімскіх літаратараў ? «Пад гукі паланэза».
Члены літаратурнага аб’яднання ладзяць творчыя сустрэчы і вечары, праводзяць прэзентацыі кніг, юбілеі паэтаў-землякоў, падтрымліваюць творчыя сувязі са сталічнымі і абласнымі пісьменнікамі, праводзяць сустрэчы ў навучальных установах, бібліятэках горада, іх творы змяшчаюцца ў абласным і рэспубліканскім друку. Я ўзначаліла літаратурнае аб’яднанне імя Анатоля Іверса пры раённай газеце у 2006 годзе. Хочацца выказаць словы падзякі рэдакцыі газеты “ Слонімскі веснік”, а таксама раённай бібліятэцы імя Я.Коласа за падтрымку і супрацоўніцтва.
Слонімскае літаб’яднанне выпускае ў газеце літаратурную старонку, мае свой архіў. Яно жыве, дзейнічае, праводзіць работу з моладдзю па захаванню і папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Сюды прыходзяць і далучаюцца людзі, каб наталіць душу хараством і веліччу Слова, каб несці святло і дабрыню па жыцці.
У 2019 годзе да Дня беларускага пісьменства быў выдадзены трэці літаратурны альманах “ Старонка”, складзены з твораў членаў літаб’яднання, укладальнікам якога стала Ірына Войтка. Сябры літаратурнага аб’яднання пры газеце “ Слонімскі веснік” прынялі актыўны удзел у правядзенні Дня беларускага пісьменніцтва ў Слоніме, выступілі на паэтычнай пляцоўцы “ Слова пісьменніка” і былі адзначаны Дыпломам Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Ірына Антонаўна працягвае актыўна ўдзельнічаць ў рэгіянальным і рэспубліканскім літаратурным жыцці. Сцiплая i абаяльная жанчына, асоба гарманічная, захопленая, Iрына Войтка вядомая сваёй актыўнай пазіцыяй грамадзяніна і мудрасцю сапраўднага патрыёта. Патрабавальная да сябе, уважлівая да навакольных, яна заўсёды гатова падзяліцца з людзьмi цяплом свайго чулага сэрца. І хоць нарадзілася Ірына Антонаўна на Зэльвеншчыне, Слонімскі край яна таксама лічыць родным.
Натхненне
Я пайду за гэтым болем
сінім гаем, белым полем,
за лясы і за крыніцы
богу гэтаму маліцца,
дзе бруіць, кіпіць жыццё.
Ты – святое пачуццё,
ты – маёй душы гарэнне,
маё дзіўнае стварэнне.
Мне пасланы Богам дар
вам прыношу на алтар.
Радзiмае
Мне палескія воды – уцехай.
Любы мне й нарачанскі прастор
І сасновае гонкае рэха –
Белай вежы раскінуты бор.
Землякоў маіх шчасныя вёскі,
Вечаровы прыход Каляды.
Дыялектнаю моваю простай
у бяседзе застольнай Дзяды.
Кліч стагоддзяў жывой радаслоўнай
прадаўжае пачаты свой сказ.
На вялікай зямлі шматмоўнай
Свая, простая мова ў нас.
І куды б не пайсці мне, не ехаць,
да якіх не імчацца мне зор:
мне палескія воды – уцехай,
Любатой – нарачанскі прастор
* * *
Паеду па ўсей Беларусі
наўсцяж між лясоў і дуброваў.
Як маці я ёй пакланюся
і вымаўлю добрыя словы.
Убачу я рэчак разлівы
у поступе весняй паходні,
і стану на момант шчаслівай
з табою, зямля, і свабоднай.
Якой неадольнаю сілай
к табе, Беларусь, я прыкута.
3 табою ўзмахваю крыллем,
з табою выношу пакуты.
* * *
Паэту прасіць не да твару.
Паэту да твару тварыць.
І сэрца сваё, як ахвяру
агнём даравальным паліць.
Паэту патрэбна дарога,
якою праз душы ісці.
Паэт не жабрак, не нямога,
Паэт – павадыр па жыцці.
Паэту прасіць не да твару.
Паэту да твару любіць.
Як самую светлую мару,
любоў усім сэрцам дарыць.
* * *
Наваколле…наваколле…
Гэта Бог паслаў праз поле
пехам путніка прайсці.
Каб убачыў сябе годна
ён на тым палетку родным,
каб пачуўся чалавекам,
як прызначана спрадвеку.
Каб ступіў шырокім крокам
па раллі сваёй высокай.
Грудзі поўныя паветра
ўдыхнуў зялёных нетраў,
І расправіў свае плечы
для вятроў усіх сустрэчных.
…Хоць аднойчы ў наваколлі
перайдзі праз сваё поле!
***
Мудрасць прыносіць дарога.
Мудрасць прыходзіць з гадамі.
Мудрасць даецца ад Бога
і застаецца між намі.
Гляну: у вочы і твары –
Ёсць чаму там падзівіцца.
Мудрасці вобраз алтарны
Там прамільгне бліскавіцай.
Каралiну
Дарога між таполь да хаты,
лясы, пагоркі і даліны.
К табе я, быццам птах крылаты,
імчу ў палёце жураўліным.
Мой Каралін! Мой родны краю,
красы прыроднае крыніца,
дазволь табе мне пакланіцца:
любоў мне сэрца напаўняе.
***
Вось і восень. Вось і восень.
Мы яе зусім не просім,
Мы яе зусім не хочам,
А яна глядзіць у вочы.
Запытацца нібы хоча:
А ці добра вы адзеты?
А ці добра вы абуты?
Прынясу з сабою я вам
і надзеі, і пакуты.
А яна кранае сэрца
навізною пазалоты.
І пытае, і смяецца:
У гэтым свеце
Хто мы? Хто ты?
Ну і восень! Ну і восень!
Ад яе нідзе не дзецца.
А яна, гарэза гэта,
і чаруе, і смецца.
* * *
Я ад жоўтай восені
засланюся просінню,
хваль рачных арэлямі,
фарбаў акварэлямі.
Белымі аблокамі –
дзіўнымі, высокімі…
Мне пасланы Богам дар вам прыношу на алтар…
Што можна пажадаць юбіляру з нагоды чарговай прыгожай даты? Здароў’я, радасці, поспехаў… Кожны год штоцьці дабаўляецца ў жыццёвую скарбонку больш, іншага меньш. Шчырыя словы пажаданняў ад блізкіх, сяброў і калег дораць хвіліны ўзнёслага пачуцця, якое потым сагравае душу яшчэ доўга-доўга. Але ўсё роўна на дзень нарадження чакаецца нешта цудоўнае, незвычайнае. Няхай для паэткі Ірыны Антонаўны Войтка такім нечаканым падарункам стануць уласныя вершы, сабараныя з яе кніг «Спасціжэнне» і «Пагляджу вачамі неба». Чароўныя радкі вершаў гараць яркімі гронкамі рабіны на белых старонках кніг, маняць за сабою, узвышаюць. Жанчына, зачараваная восенню – гэта пра нашу Ірыну Антонаўну, кіраўніка Слонімскага літаратурнага аб’яднання ім. А.Іверса, створанага пры газеце «Слонімскі веснік», члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтку, вершы якой сталі песнямі. З юбілеем!
Калегі і сябры па пяру.
Ірыне Войтка
прысвячаецца
Шчаслівая жанчына
(а шчасце ў двух сынах)…
Цвіце, цвіце шыпшына
ў вершаваных снах.
Каханне ёй – ад Бога,
і з песень жаўрукоў
складаецца дарога
да матчыных асноў.
Вяртацца – не згубіцца,
і родны Каралін
дасць ёй з крыніц напіцца,
натхненнем наталіцца,
бо ён такі адзін.
Шчаслівая жанчына
і маці двух сыноў –
любоўю да Айчыны
асвечана жыццё.
Алена Руж
Падрыхтавала Алена ЛЫНЬКО