
18 мая – Міжнародны дзень музеяў. Дата ў жыцці музеяў асаблівая.
У гэты ці блізкі да яго выходны дзень музеі ўсяго свету праводзяць бадай адну з самых незвычайных і захапляльных сваіх акцый – “Ноч музеяў”. Для ўдзельнікаў гэта магчымасць зірнуць на скарбніцу з новага боку. Сёлетняя вясна ўнесла свае карэктывы ў працу ўстаноў культуры, “Ноч музеяў” таксама зменіць фармат. Будзе незвычайна, але віртуальна.
Мір. Усё па 20
Замкавы комплекс “Мір” адзначае 20-годдзе ўключэння ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Юбілею прысвечана і акцыя “Ноч музеяў”. Стартуе яна 18 мая. Дарэчы, варта зайсці на сайт музея загадзя і прачытаць анонс акцыі – як кажуць арганізатары, у ім можна знайсці падказкі для пытанняў віктарыны. Будуць яны і ў відэасюжэтах, што з’явяцца цягам дня. Сама віктарына падвядзе вынік акцыі і дапаможа ўдзельнікам праверыць свае веды па найноўшай гісторыі Мірскага замка. З’явіцца яна на сайце ў 20.20.

Раніцай а 10-й гадзіне можна далучыцца да флэшмобу, змясціўшы ў інтэрнэце пад хэштэгам #20MIR20 свае фота з Мірскага замку, зробленыя з 2 снежня 2000 года па сёняшні дзень. У поўдзень распачнецца віртуальная экскурсія “20 крокаў па выставе “Зброя гонару і адвагі”. Анлайн-прэзентацыю “20 самых цікавых гузікаў XVII – пачатку XIX стагоддзя” з калекцыі музея можна паглядзець у 15.00.

Асобны відэасюжэт будзе прысвечаны папулярным у XVI – XVIII стагоддзях гульням, такім як “гусь”, “алькерк”, “тру-мадам”. Ён у сацыяльных сетках Facebook, ВКонтакте, Instagram з’явіцца ў 17.00. Аўтары 20-га каментара з указаннем найбольш упадабанай гульні змогуць сыграць у яе пры наведванні Мірскага замку.

ТОП-10 экспанатаў і віктарына па “Ночы музеяў”
Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі праграму да міжнароднай акцыі таксама запускае 18 мая. Наведвальнікі афіцыйных старонак музея ў сацыяльных сетках змогуць паглядзець забаўны ролік з серыі “Музей нясумна”, прысвечаны акцыі. Яшчэ адзін сюжэт – гэта невялікая віртуальная экскурсія па экспазіцыі, прысвечанай ВКЛ і распаўсюджванню каталіцызма.

Пост “ТОП-10” распавядзе пра дзясятку найцікавейшых экспанатаў музея. Да прыкладу, пра вадалея, што датуецца XIII стагоддзем і выкарыстоўваўся ў літургіі. Па легендзе, прывёз яго Давыд Гарадзенскі. Можна будзе даведацца гісторыю абраза XIII стагоддзя “Святы прарок Ілья ў пустыні”.
Прапануюць наведвальнікам і віктарыну, прысвечаную мерапрыемствам акцыі “Ноч музеяў”, што праходзілі раней. Дарэчы, ладзяць іх у музеі ўжо дзесяць гадоў. Пераможцаў віктарыны чакаюць падарункі.

У культурнай сталіцы
Ліда як культурная сталіца Беларусі гэтага года таксама не магла абыйсці ўвагай свята. Дарэчы, і тут “Ноч музеяў” праводзіцца дзесяць гадоў. Адзінаццатая прапануе згадаць, як гэта было: відэа і фота можна будзе пабачыць на сайце Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Да таго ж, цягам тыдня з 11 па 17 мая музей прымае ўдзел у сусветнай культурнай падзеі #MuseumWeek. Кожны дзень на сайце з’яўляюцца новыя відэа на самыя розныя тэмы. Першае, да прыкладу, было прысвечана медыкам і распавядала гісторыю развіцця сістэмы аховы здароўя на Лідчыне. Дзень за днём у межах акцыі раскрываюцца розныя аспекты гісторыі края.

«ГП»