У выдавецтве “Пачатковая школа” выйшла кніга аповесцей-казак пісьменніка Аляксея Якімовіча “Металічны чалавек”. Аб чым яна?Аповесці-казкі “Металічны чалавек” і “Робат і Вірус” распавядаюць пра неверагодныя прыгоды Робата з добрым сэрцам, які шукаў сабе сяброў. Неспадзяваныя, часам небяспечныя сустрэчы са зласлівым панам Спіцай і яго памагатымі вучаць галоўнага героя знаходзіць выйсце з любых абставінаў. Прапануем вашай увазе першы раздзел з аповесці “Металічны-чалавек”.

 Кручкоў

 У гэты дзень бухгалтар Кручкоў прачнуўся з усходам сонца і адразу ж накіраваўся на ўзлесак, дзе стаяў цагляны склад. Пад пахай ён трымаў драўляныя лічыльнікі, якімі карысталіся даўней. Ён прывык да іх і на нішто іншае ніколі не памяняў бы, нават на сучасную электронна-вылічальную машыну. Праўда, сёння Кручкоў нёс не толькі лічыльнікі, але і зладзейскую адмычку ў кішэні. На днях заказаў яе ў знаёмага каваля. Каваль сказаў на развітанне, што яна любы замок адамкне.

Вось і склад за павароткай дарогі. Узвышаецца, як непрыступная белая крэпасць.

Кручкоў азірнуўся, дастаў з кішэні зладзейскую адмычку і накіраваўся да дзвярэй склада. Ён быў упэўнены, што ў такі ранні час ніхто яму не перашкодзіць здзейсніць задуманае.

«Ф’юіць-трр, ф’юіць-трр…» — данеслася з кустоў песня салаўя.

Ад неспадзеўкі бухгалтар уздрыгнуў і паслізнуўся, ледзь не ўпаў на ўтравелай сцяжынцы, мокрай ад расы.

А салавей шчоўкае, заліваецца, радасць хоча падарыць: «Ф’юіць-трр, ф’юіць-трр, ф’юіць-трр…»

Кручкоў павярнуўся ў напрамку кустоў і закрычаў, размахваючы рукамі:

— Бадай цябе кот убрыкнуў! Бадай цябе бадай! Бадай цябе бадай!..

Спеў салаўя заціх, перапыніўся.

— Бадай цябе бадай! — задаволена прагаварыў Кручкоў і, наблізіўшыся да дзвярэй, узяўся рукою за вялікі замок, які звычайна вешаюць на свіран, напоўнены адборным зернем.

Зараз ён адамкне гэты замок, зойдзе ў склад і возьме квадратны чамадан пана Спіцы. У чамадане ляжыць амаль мільён даляраў. Значыць, праз некалькі хвілін ён, звычайны бухгалтар Кручкоў, стане амаль мільянерам. Па-іншаму зажыве, як сыр у масле будзе качацца.

Бухгалтар заплюшчыў вочы і ўявіў чамадан пана Спіцы. На ім зборшчык металалому прымацаваў налепку з уласным фотаздымкам і надпісам: «Пан Ігнатус Спіца». Каб усе бачылі, каму ён належыць. Каб ніхто яго не ўкраў.

«Наіўны пан Спіца! Не ведае, што чамадан з грашыма ні ў адным складзе не схаваеш», — падумаў бухгалтар і, расплюшчыўшы вочы, прамовіў уголас:

— Ад мяне!

 «Ф’юіць-трр, ф’юіць-трр, ф’юіць-трр…» — зноў заліўся ў кустах нябачны салавей.

 «Гэты пяюн за мною сочыць, дзівіцца. Няхай. Мне ён не перашкодзіць», — падумаў Кручкоў і ўставіў адмычку. Але прыемнага шчаўчка, які засведчыў бы, што адамкнуўся, паддаўся яму замок, не пачуў. Адмычку быццам заклінавала. Яна зусім не паварочвалася.

«Падмануў мяне каваль, кепскую адмычку зрабіў», — прамільгнула ў Кручкова ў галаве.

— За стары металалом

  Пабудую новы дом, —

данеслася з-за павароткі дарогі.

«Пан Спіца выйшаў з дому, расспяваўся!» — здагадаўся бухгалтар. Пісклявы галасок свайго гаспадара ён пазнаў бы сярод мільёна галасоў, нават калі б ноччу разбудзілі.

Твар Кручкова пакрыўся буйнымі кроплямі поту. Вырваўшы з замка адмычку, ён кінуўся ў кусты, туды, дзе сядзеў маленькі аліўкава-буры салавей.

 Працяг аповесці Вы можаце прачытаць, калі набудзеце кнігу ў кніжных магазінах або закажаце ў аддзеле маркетынга выдавецтва “Пачатковая школа”.

 *  *  *

 Таксама ў выдавецтве “Пачатковая школа” выйшла кніга апавяданняў і казак пісьменніка Аляксея Якімовіча “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”. Апавяданні і казкі раскажуць пазнавальныя, цікавыя гісторыі пра людзей і казачных жывёл, навучаць мудрасці, дабрыні і ўзаемавыручцы.

Чытайце апавяданне “Бабуля і яе ўнукі” і казку “Чаму Заяц летам шэры, а зімою белы?”

 

Бабуля і яе ўнукі

 У бабулі Алены гасцююць унукі: трэцякласнік Мікола і першакласнік Змітрок. Нялёгка бабулі. І ўнукаў трэба дагледзець, і градкі на агародзе прапалоць. Морква дык зусім пустазеллем зарасла. Красуе на градцы пустазелле, затуліла ад сонца кволыя сцяблінкі морквы, не дазваляе ім падняцца, падрасці.

— У хату схаджу. Крыху адпачну і прапалю моркву! — прамовіла бабуля і пайшла з агарода.

А Мікола і Змітрок на агародзе засталіся.

— Цяжка нашай бабулі! — сказаў Мікола.

— Старэнькая яна! — пагадзіўся з братам Змітрок.

— Давай дапаможам ёй! — загарэўся Мікола.

— Моркву праполем? — прагаварыў Змітрок і задумаўся. Магчыма, не спадабаецца бабулі Алене, што самі за работу ўзяліся. Аднаго дня ён разам з Міколам дровы каля хлява хацеў паскладваць. Іх тата на мінулым тыдні пакалоў. А бабуля не дазволіла, запярэчыла: «Знайду час, сама паскладваю. А вы адпачывайце, гуляйце. Лета як адзін дзянёк прабяжыць».

— Скажам бабулі Алене, што мы такую гульню прыдумалі, каб не сумаваць, — быццам адгадаў думкі Змітрака Мікола.

— Думаеш, што паверыць яна нам?

 — Паверыць! — цвёрда сказаў Мікола.

Хлапчукі прыселі на кукішкі і ўзяліся за працу. Моркву нялёгка палоць. Разам з пустазеллем тоненькія сцяблінкі можна павыцягваць.

Стараюцца браты, зелле з зямлі асцярожна вырываюць, пасля сябе роўныя радочкі морквы пакідаюць. Хоць і стаміліся, але ўсю моркву прапалолі.

— Хутка наша бабуля на агарод прыйдзе. Давай схаваемся і паназіраем за ёю, — прапанаваў Мікола.

— Давай! — пагадзіўся Змітрок.

Браты прыселі за вялікім кустам парэчак, бабулю Алену чакаюць, выглядаюць.

Неўзабаве прыйшла яна на агарод і ўсклікнула:

— Пакуль я ў хаце адпачывала, нехта моркву прапалоў!

Мікола і Змітрок выйшлі з-за куста, на бабулю нясмела пазіраюць, смяшынкі на вуснах хаваюць.

— Вы тут папрацавалі, маю моркву прапалолі? — звярнулася да ўнукаў бабуля Алена.

— Бабулька, мы не працавалі, мы такую гульню прыдумалі! — азваўся Мікола.

— Гэтая гульня называецца «Хто хутчэй». Яна нам вельмі спадабалася, — уступіў у размову Змітрок і апусціў галаву. Чакае, што скажа бабуля.

Бабуля Алена абняла ўнукаў і сказала:

— Родныя вы мае!

Светла стала на душы ў бабулі.

 

Чаму Заяц летам шэры, а зімою белы?

 

Калісьці Заяц быў стракаты, як папугай. Вельмі ганарыўся сваім стракатым адзеннем. Неяк падышоў ён да Воўка і запытаўся:

— Як жывеш, шэры?

— Чаму называеш мяне шэрым? — буркнуў Воўк. Ён не любіў, калі яго гэтак называлі. «У мяне ёсць імя — Воўк».

— У цябе і нагавіцы шэрыя, і пінжак, і кашуля, — стаў пералічваць Заяц.

Воўк скрыва паглядзеў на Зайца.

— Па-твойму, маё адзенне непрыгожае?

— Такое я і бясплатна не ўзяў бы! — зарагатаў Заяц.

Воўк скрывіўся, быццам яму сам Мядзведзь на лапу незнарок наступіў. А Заяц рагоча, узяўшыся лапамі за жывот.

— Зараз я твой стракаты каптан зніму і на хвойку закіну! — узлаваўся Воўк і накіраваўся да Зайца.

Спалохаўся Заяц, наўцёкі пусціўся. А Воўк гукнуў яму наўздагон:

 — У сваім стракатым каптане нідзе не схаваешся ад мяне, Заяц!

«Сапраўды, у гэтым адзенні ён за самым густым кусцікам мяне заўважыць», — падумаў Заяц і накіраваўся ў магазін. Там новае адзенне сабе купіў: шэрае.

А Воўк ходзіць па лесе, шукае Зайца. Цэлы дзень цягаўся.

— Куды ідзеш, кумок? — сустрэўшы Воўка, пацікавілася Ліса.

— Зайца шукаю, хачу пакараць!

— Не знойдзеш ты Зайца.

— Знайду. Стракатае адзенне яго выдасць.

Заяц сядзіць непадалёку пад густой елачкай і пазірае на Лісу і Воўка.

— Стракатае адзенне ён даўно на шэрае памяняў, — усміхнулася Ліса.

Моцна тупнуў лапай Воўк. Асінка, што стаяла побач, аж задрыжала ўся.

— Замаскіраваўся, значыць?

— У шэрым адзенні летам ты яго нават на паляне не заўважыш, — ухмыльнулася Ліса.

— Дачакаюся зімы! — прагаварыў Воўк.

«Зімою я белае адзенне куплю», — падумаў Заяц і сцяўся ў камячок.

З таго часу так і ходзіць ён: летам — у шэрым, а зімою — у белым. Баіцца, каб Воўк не схапіў і не пакараў.

 Усе апавяданні і казкі вы зможаце прачытаць, калі набудзеце кнігу ў кніжных магазінах або закажаце ў аддзеле маркетынга выдавецтва “Пачатковая школа”.

 

Фото из архива автора

 

 

 

 

Поделиться