Спектакль «Белы ліст» у пастаноўцы Слонімскага драмтэатра дае падставу задумацца пра многае
У Слонімскім драматычным тэатры адбылася здача спектакля «Белы ліст» («Апошні») па п’есе драматурга Васіля Ткачова. Пастаноўку ажыццявіў рэжысёр тэатра Васіль Сявец.
Дзеянне адбываецца ў нашы дні. Галоўны герой – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Мітрафанавіч Асакін. Яго жыццёвы шлях быў узяты за аснову п’есы. Івана Мітрафанавіча не зламала вайна – ён застаўся ўжывых нават з куляй у сэрцы, але ў звычайным жыцці ўсё аказалася нашмат складаней. Яму часта прыходзіцца размаўляць з партрэтам памерлай жонкі, таму што пра яго даўно забыліся дзеці: вельмі рэдка тэлефануюць, пішуць і прыязджаюць. А ён, як і ўсе людзі, хоча быць шчаслівым і мае патрэбу ў шчырым клопаце і любові блізкіх.
У горадзе Іван Асакін – апошні франтавік (пазней ён пра гэта даведаецца, калі патэлефануе сваім таварышам-франтавікам і акажацца, што іх больш няма). І каб яго неяк аддзячыць адміністрацыя дае ветэрану чысты белы аркуш паперы, каб ён напісаў свае пажаданні. Даведаўшыся аб шчодрай акцыі адміністрацыі раёна, дзеці раптам праяўляюць незвычайную актыўнасць.
Спектакль закліканы натхніць гледача на разважанні аб тым, што робіць чалавека шчаслівым. Дзея глядзіцца проста на адным дыханні, спектакль інтрыгуе і дае падставу задумацца пра многае. Гэта трэба бачыць!
– Гэта п’еса на ўсе часы, гэта аповяд пра нас з вамі, пра нашы зносіны, пра наша жыццё, пра адносіны бацькоў да дзецей і дзяцей да бацькоў, – адзначыў галоўны рэжысёр Слонімскага драматычнага тэатра Васіль Васільевіч Сявец.
Прэм’ера спектакля адбудзецца ў суботу, 4 ліпеня.
Таццяна ДЗЕНІСЮК.
Фота аўтара