Беларускі лён – найстарэйшая сельскагаспадарчая культура, якая апранала і грэла нашых продкаў не адно стагоддзе. Таму праслаўляць людзей, якія яго вырошчваюць і перапрацоўваюць, ужо стала добрай традыцыяй. 15 жніўня ў аграгарадку Міжэвічы адбылося свята пад назвай “Блакіт нябёсаў”.

На ўрачысты фэст завіталі мясцовыя жыхары, ганаровыя госці і ўсе жадаючыя, каб яшчэ раз праславіць “паўночны шоўк”. Вялікая колькасць слоў удзячнасці прагучала ў адрас ільну – сімвалу чысціні, багацця і гасціннасці. Тэматычнае мерапрыемства развярнулася на прыклубнай тэрыторыі філіяла “Міжэвіцкі цэнтр культуры”.

З прывітальным і віншавальным словам да прысутных звярнуліся намеснік старшыні Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Тэрэса Вацлаваўна Юшкевіч.

«Лён любіць паклон», – казалі нашы продкі, і аб гэтым добра вядома работнікам Слонімскага ўчастка адкрытага акцыянернага таварыства “Дварэцкі льнозавод”, для іх лён стаў справай жыцця.

Усе ўдзельнікі свята ад мала да вяліка змаглі знайсці для сябе нешта цікавае і карыснае: выстава-продаж вырабаў народных умельцаў і Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, дэманстрацыя адзення з лёну, разнастайныя віктарыны і майстар-класы, конкурсы, дэгустацыя апетытных страў, у тым ліку з выкарыстаннем ільну. Неабходна было бачыць, колькі радасці і азарту было на тварах дзяцей – атракцыёны, гандлёвыя кропкі з салодкімі пачастункамі і яркімі цацкамі.

Святочны настрой і прыгожыя песні дарылі ўсім прысутным артысты аматарскай творчасці Міжэвіцкага ЦК і народнага вакальнага ансамбля “Славяначка”.

Пасля заканчэння фэсту госці і ўдзельнікі раз’ехаліся. Але яркія ўражанні аб свяце і пейзажы дзівоснай прыгажосці беларускага аграгарадка Міжэвічы надоўга застануцца ў памяці.

Марына ПРАКОФ’ЕВА.

 

 

Поделиться
Перейти к содержимому