Бліны ды аладкі рознай таўшчыні ды велічыні, круглыя, румяныя, з рознай начынкай, запрашалі 4 лютага паспрабаваць гаспадыні аграгарадка Дворышча. Каб духмяныя прысмакі не астылі, іх трымалі ў спецыяльным посудзе. Жыхары навакольных вёсак і госці з горада не адразу рабілі свой выбар: і з грыбамі хацелася, і з варэннем, і з капустай. Складана было прайсці каля юшкі, смачных пірагоў ды булак. Прыемна было ў гэты халодны дзень упрыкуску з духмяным бліном зрабіць глыток гарачай гарбаты. 

 Добры дзень вам, – віталі людзей, якія прыйшлі на свята, вядучыя. – Рады бачыць вас у нас у гасцях. Бліноў напяклі шмат. Яны  – галоўны пачастунак сёння на “Блінным разгуляі”. 

Падмацаваўшыся, ногі самі кідаліся ў скок у такт добрым песням. Канцэртную праграму “Святочны настрой” падарылі дварышчанцам народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра і артысты мясцовай самадзейнасці. У цэнтры ўвагі былі таксама конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, гульнёвая праграма “Дзе бліны, там і мы” Ганчарскага Дома культуры. У каго самы добры апетыт, наглядна паказаў конкурс па з’яданні бліноў. Дзеці не ўступалі дарослым. На талерках смачны ласунак – ва ўдзельнікаў мінімум часу, каб іх спустошыць. «Бой падушкамі», бег у мяшках, гонкі на веніку – людзі з цікавасцю бралі ўдзел у народных забавах, а падмацоўвалі іх спрытнасць і ўпэўненасць артысты. 

10.JPG 

 Свята бліноў у аграгарадку Дворышча даўно стала брэндавым мерапрыемствам, – падзялілася ўражаннямі лідчанка Таісія Валынец, якая спецыяльна прыехала ў населены пункт на свята. – Наеліся бліноў, пачаставаліся юшкай. Удзел у конкурсах не прымалі – хай робяць гэта маладзейшыя, – затое паспявалі, патанчылі. Унукі пакаталіся на конях, зрабілі шмат добрых фотаздымкаў на памяць. Свята было прыгожым, з вельмі смачнымі стравамі. Дзякуй за гэта сельскім гаспадыням ды мясцовым школьнікам. Цяпер будзем чакаць Масленіцы. 

У гэты дзень не адбыўся толькі конкурс снежных фігур. Няма снегу ў гэтым годзе, што тут зробіш. Затое ўсе жадаючыя мелі магчымасць наведаць турыстычны комплекс “Вольны мельнік”, купіць сувеніры на памяць у час святочнага гандлю, пакатаць дзетак на атракцыёнах. Свята спадабалася ўсім: ад малога да вялікага. “Умеюць на сяле частаваць і весяліцца ад душы!” – зазначалі ўдзельнікі “Бліннага разгуляю”. 

1.JPG5.JPG9.JPG11.JPG12.JPG14.JPG24.JPG32.JPG29.JPG27.JPG19.JPG55.JPG39.JPG41.JPG

 
Вольга Антонава, “Лідская газета”
Поделиться