Вучні ДУА “Парэцкая базавая школа Слонімскага раёна” прынялі ўдзел у “адкрытым мікрафоне” “Быць патрыётам сёння”, які быў прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Арганізатарам мерапрыемства была А.К. Процак, навуковы супрацоўнік Слонімскага краязнаўчага музея імя І.Стаброўскага. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі вучні 11 класа СШ № 8.
“Адкрыты мікрафон” – гэта асаблівы фармат мерапрыемства, у рамках якога кожны жадаючы можа выступіць перад аўдыторыяй і прадэманстраваць свае творчыя здольнасці.
Галоўнымі пытаннямі мерапрыемства былі падзеі аб’яднання беларускага народа ў адзінай дзяржаве ў верасні 1939 года.
А напрыканцы ўдзельнікам было прапанавана паразважаць аб тым, хто з’яўляецца патрыётам. Вучань 7 класа Я. Хаменка бачыць патрыётамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама сучасных спартсменаў, дзеячаў навукі і культуры, якія прыносяць славу нашай Радзіме. Вучаніца сярэдняй школы № 8 К. Собалева расказала аб патрыятызме ў стаўленні да вялікай і малой радзімы, гонары за дасягненні сучаснікаў.

Школьнікі былі адзіныя ў тым, што патрыятызм праяўляецца ў гонары за дасягненні роднай краіны, у павазе да яе гістарычнага мінулага і ў беражлівым стаўленні да народнай памяці, нацыянальных і культурных традыцый. Сапраўдныя патрыёты – гэта тыя людзі, якія ставяць інтарэсы грамадства вышэй за свае.
Дзень народнага адзінства – свята, якое дае ўсім нам беларусам адчуць сябе адзіным народам, зноў успомніць аб нашым мінулым, задумацца аб будучыні, каб любімая Беларусь квітнела і развівалася. Разважанні ўдзельнікаў мерапрыемства менавіта да гэтых высноў і прывялі.

У. Баравікоў, настаўнік гісторыі і геаграфіі ДУА “Парэцкая базавая школа Слонімскага раёна”

Поделиться