“Мне лепей роднага краю нічога на свеце няма…” – пад такім дэвізам 25 гадоў пры філіяле “Гарадская дзіцячая бібліятэка” працуе літаратурна-краязнаўчая гасцёўня “Краяведайкі”. Бібліятэка выконвае функцыю цэнтра па вывучэнні і захаванні культурнай і гістарычнай спадчыны Слоніма. Ініцыятарам стварэння літаратурнай гасцёўні ў 1996 годзе была былая загадчыца бібліятэкі Людміла Аляксееўна Мазюк. Членамі літаратурна-краязнаўчай гасцёўні з’яўляюцца вучні ДУА “Гімназія № 1 г. Слоніма”. За такі вялікі перыяд змянілася некалькі пакаленняў “краяведаек”.
Работа літаратурна-краязнаўчай гасцёўні прадугледжвае знаёмства з гістарычным мінулым і сучасным развіццём горада і раёна, яго традыцыямі і дасягненнямі, з своеасаблівай і самабытнай этнаграфіяй роднага краю, прыгажосцю прыроднага асяроддзя Слонімшчыны.

Гасцёўня стваралася з мэтай навучыць дзяцей і падлеткаў любіць і ганарыцца савёй Бацькаўшчынай, роднай мовай, выклікаць цікавасць да багатай літаратурнай спадчыны нашага краю, вывучаць, цаніць прыгажосць мастацкіх твораў, створанных землякамі, азнаёміць з творчасцю таленавітых слонімскіх паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў і іншых творчых асоб. За дваццать пять гадоў работы адбылося шмат цікавых і змястоўных пасяджэнняў: літаратурныя святы, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў-землякоў, завочныя падарожжы па роднаму краю, літаратурныя гульні і віктарыны краязнаўчага зместу, прэм’еры новых кніг слонімскіх аўтараў і шматлікія сустрэчы з цікавымі людзьмі слонімскай зямлі. Добрымі сябрамі і частымі гасцямі “Краяведайкаў” сталі Ірына Войтка, Алена Руж, Аляксей Якімовіч, Уладзімір Ягоўдзік, Сяргей Чыгрын і іншыя слонімскія паэты і пісьменнікі.
Вось нядаўна для сённяшніх “краяведаек” – вучняў 8 “А” класа гімназіі №?1, прайшло музычнае падарожжа “Роднага горада галасы”. Павадыром у гэтым вандраванні быў Алег Лаўроў – паэт, кампазітар, слонімскі бард. У выкананні Алега Лаўрова гучалі песні, прысвечаныя Слонімшчыне і яе людзям. Гэта былі як асабістыя творы, так і песні, якія напісаны на вершы іншых аўтараў: С. Чыгрына, Л. Фабер-Кандрацевай, А. Лойкі і інш.
Усе прысутныя прынялі ўдзел у складанні новай песні, прапанаваўшы па аднаму добраму слову. Сустрэча прайшла ў цёплай, сяброўскай абстаноўцы, пакінуўшы пасля сябе шчырыя ўражанні радасці і добрага настрою.

Наталля Апанасік, загадчыца гарадской дзіцячай бібліятэкі

Поделиться