Кожны год сярэдзіна лютага ў Новадзявяткавіцкай школе азначае пачатак дэкады беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва. Не выключэннем стала тэматычная дзесяцідзёнка і ў гэтым годзе.

У панядзелак на святочнай лінейцы адбылося адкрыццё дэкады. Гэтым жа днём гасцінна расчыніў дзверы школьны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, запрашаючы наведаць выставу, прысвечаную пісьменнікам-юбілярам 2020 года. Вучаніцы 5 і 7 класаў, Крот Крысціна і Ігнатовіч Вікторыя, правялі гульню-акцыю “Скажы па-беларуску, у што ты апранешся”. Цікава і, як дзеці кажуць, “прыкольна” было назіраць, як вучні спрабавалі “апрануць” нагавіцы на галаву, а брыль – на плечы… Вітацца па-беларуску дзеці вучыліся праз выставу-гульню “Беларуска-рускія моўныя эквіваленты прывітання”. “Лірычная споведзь вяскоўца” – так называўся буктрэйлер тэматычнага відэаперапынку паміж заняткамі. Буктрэйлер быў падрыхтаваны выпускніцай Ляцэвіч Дар’яй сумесна з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, а тым жа “вяскоўцам” (аўтарам верша) з’яўляецца не хто іншы, як дырэктар нашай школы Дзмітрый Аляксандравіч Блізнюк. Цікавым і змястоўным было мерапрыемства “З рога ўсяго многа”, наладжанае настаўнікам пачатковых класаў Наталляй Сцяпанаўнай Лысай. Традыцыйным стаў удзел навучэнцаў у рэспубліканскім конкурсе “Буслік-2020”. А вось сярод навінак было напісанне Гродзенскага абласнога дыктанта “Праўда-памяць”, прысвечанага 75-й гадавіне Перамогі над нямецка-фашысцкімі акупантамі. Новым быў і ўдзел у абласным флаер-фэсце “У любімай мове, роднай, наскай, Ах, якія словы…”.

Своеасаблівай трыбунай-афішай правядзення дэкады сталі інфармацыйныя тумбы ў фае школы, што размешчаны на першым паверсе школы. Кожны дзень тут з’яўляліся фотакалажы з мерапрыемстваў, дзе вучні назіралі за ходам святкавання, адзначаючы і свой у ім удзел.

Вольга Блізнюк, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Новадзявяткавіцкай СШ

 

Поделиться
Перейти к содержимому