Нашы дэпутаты не толькi адданыя дзяржаве i народу, але i творчыя. Яркi прыклад — старшыня Пастаяннай камiсii па дзяржаўным будаўнiцтве, мясцовым самакiраваннi i рэгламенце Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Валянцiн Семяняка. Нядаўна ў Прэзiдэнцкай бiблiятэцы ён сустрэўся з чытачамi, прыхiльнiкамi свайго творчага таленту. Валянцiн Семяняка — сябра Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, пiша глыбокiя вершы, сэнс якiх грунтоўны i зразумелы. Што называецца, цаляюць прама ў сэрца.

Перада мной — сiмпатычны калектыўны зборнiк паэзii «Зоры над Зальвянкай», выдадзены ў Слонiмскай друкарнi. Тут выступiлi ўдзельнiкi аднайменнага з кнiгай лiтаратурнага аб’яднання, якiя пахо­дзяць з Зэльвеншчыны. Кнiга выйшла да юбiлею гэтага мястэчка, а на старонках i творы Валянцiна Семянякi. Ён нарадзiўся ў Пружанскiм раёне, але праз год сям’я пераехала на радзiму бацькi ў вёску Цяглевiчы на Зэльвеншчыне. Тут прайшло яго дзяцiнства i юнацтва. Скончыў школу, фiзiчны факультэт Гро­дзенскага дзяржунiверсiтэта iмя Я. Купалы, Акадэмiю кiравання пры Прэзiдэнце. Працаваў настаўнiкам фiзiкi, дырэктарам школы, узначальваў аддзел адукацыi, быў намеснiкам старшынi Зэльвенскага райвыканкама. Абраны старшынёй раённага Савета дэпутатаў, а затым i дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу. Прызнаецца, што заўсёды многа часу аддаваў працы, а натхняюць на працоўныя ўдачы шчаслiвая сям’я i бяздонная творчасць. «Колькi iх, лёсаў, у небе аблокаў, // Тых, што плывуць ў вышынi над табой? // Ведае, можа, адно толькi сокал, // Узняўшыся ў неба над грэшнай зямлёй, // — разважае аўтар i падсумоўвае: — Але, пазнаўшы жыццёвы парадак, // Сам адкажу на пытаннi свае — // Іншы жыве, каб дарыць людзям радасць, // Іншы сам рады адно, што жыве».

Валянцiн Семяняка прысвяцiў глыбокiя лiрычныя вершы Жанчыне, Настаўнiку, Дзецям. Наўмысна пiшу гэтыя словы з вялiкай лiтары, бо для аўтара яны не проста лiрычныя героi з чарговага твора, а без перабольшання iконы, на якiя ён молiцца: «За ўсё, што маю i люблю, // Што ў роспачы не кiну, // За ўсе грахi, што адмалю, // Удзячны я жынчыне». А жанчына — гэта i мацi, i жонка, i дачка, якiх паэт апявае ў самых светлых радках. Маме прысвяцiў нават сваю кнiгу «Зорка залатая», якая выйшла ў выдавецкiм доме «Звязда».

Вершы Валянцiна Семянякi адгукаюцца рэхам у душы чытачоў, бо думкi i вобразы адлюстроўваюць тое, што перажывае кожны чалавек, толькi выказаць часам гэтага не можа. А паэт змог. Мяркуйце самi: «Калi навокал столькi ўсяго — // Даступнага i простага — чужога, // Так цяжка не адмовiцца свайго — // Імя, Радзiмы, Мовы, нават Бога». А ў фiнале яркая, вiдавочная выснова: па жыццi лёгка крочыць таму, хто на скрыжаваннi выбраў правiльны шлях, сумленны.

Максiм Танк склаў простае людское шчасце з хлеба, поту, роднага небасхiлу, дружбы, мацнейшай ад смерцi… А ў Валянцiна Семянякi свой варыянт. Ён прапануе шукаць шчасце ў прарочых снах, шырокiх сцежках, усмешках дзяцей. А яшчэ «Шукайце — у шуме ветру, // Шукайце ў сонечным ззяннi. // Шукайце ў песнях няспетых // І ў запаветных жаданнях». Верш таксама пра жыццё, пра бясконцае ў iм хараство, невычарпальную глыбiню.

Да таго ж Валянцiн Семяняка — слынны перакладчык. Зрабiў творчы ўнёсак у грунтоўную анталогiю сучаснай рускай паэзii, якая гучыць па-беларуску i выйшла ў выдавецкiм доме «Звязда». Валянцiн Мiхайлавiч пераклаў вершы расiйскага паэта Мiхаiла Анiшчанкi. Адзiн з iх пра егiпецкую царыцу Клеапатру: «І ў тумане, дзе спынены кадры, у сузор’ях чужых сваякоў // Распiнае цябе, Клеапатра, пагалоска чужая iзноў. // Я паверыць паклёпу не ў стане, я натхнёны табою без слоў. // Ды Актавiй стаiць побач з намi з вераломствам апошнiх часоў». Паэт перадае радкi максiмальна дакладна, сэнс нiдзе не скажаецца. Гэта выключнае ўменне — падпарадкаваць рыфме пераклад слоў, якiя ў рускай мове гучаць па-iншаму. І пры гэтым амаль не перайначыць змест.

Верш «Нам трэба некалi вяртацца» паэт прысвяцiў аднакласнiкам — выпускнiкам 1980 года Цяглевiцкай сярэдняй школы. Вяртацца да родных каранёў, да бацькоўскай хаты, да матулiных песень некалi трэба, а нашы слёзы i смех цiкавы толькi блiзкiм людзям: «Нам трэба некалi вяртацца, бо ўсё ў мiнулым застаецца — // Удача, грошы, нават шчасце // Калiсьцi ўсё-такi мiнецца. // І ты захочаш усмiхнуцца // Матулi, вёсцы, кожнай хаце. // Дык покуль ёсць куды вярнуцца, // Усё ж трэба некалi вяртацца».

https://www.sb.by/articles/nam-treba-nekali-vyartatstsa.html

Поделиться