На веснавых канікулах для навучэнцаў дзяржаўнай установы адукацыі “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна” была арганізавана экскурсія ў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Музей гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, філіял “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”.
Убачыўшы руіны крэпасці, дзеці ўсвядомілі, што гэта сапраўдныя “сведкі” гераічнай абароны, адной з яркіх старонак Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.
Мы пабывалі ў дзесяці залах музея і пазнаёміліся з экскурсійнымі аб’ектамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі крэпасці. Падчас экскурсіі дзеці мелі магчымасць назіраць, як адбываецца змена ганаровай варты ля галоўнага манумента крэпасці, з якім гонарам стаяць на варце іх аднагодкі, навучэнцы школ Брэста.
У час экскурсіі школьнікі пазнаёміліся з гісторыяй будаўніцтва і мадэрнізацыі крэпасці, з ўзорамі зброі, яка ўжывалася для абароны ў розныя гістарычныя перыяды, дакументамі.
Вучні з цікавасцю разглядалі экспанаты музея: зброя, абмундзіраванне, фатаграфіі, карціны з выявай будаўніцтва крэпасці і карціны, прысвечаныя перыяду Вялікай Айчыннай вайны, уважліва слухалі аповед экскурсавода. Вялікае ўражанне на вучняў аказалі экспанаты з фрагментамі надпісаў абаронцаў крэпасці.
Школьнікі даведаліся шмат цікавых фактаў з гісторыі крэпасці. Але самымі запамінальнымі сталі расказы аб фактах, падзеях і лёсах канкрэтных людзей – абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Дзеці былі здзіўлены тым, якімі маладымі былі героі Брэсцкай крэпасці, уразіла іх смеласць, адвага, жаданне абараніць Радзіму і жаданне выканаць свой салдацкі і чалавечы абавязак.
Асаблівае ўражанне аказвае філіял “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”. Аказваецца, гэта адзіны ў Рэспубліцы Беларусь музей, экспазіцыя якога складаецца з твораў мастацтва і прадметаў антыкварыяту, канфіскаваных на мытні пры спробе незаконнага вывазу за мяжу. Гэтыя унікальныя экспанаты расказваюць аб дзейнасці Брэсцкай мытні па прадухіленні кантрабанды культурных каштоўнасцяў.

Больш за дзве гадзіны экскурсіі ў г. Брэсце праляцелі як адно імгненне, але памяць аб гераічным лёсе і гісторыі Брэсцкай крэпасці застанецца надоўга.
Вярталіся мы дадому з незабыўнымі ўражаннямі і ў выдатным настроі.

Людміла ЗАСІМОВІЧ, настаўнік гісторыі дзяржаўнай установы адукацыі “Міжэвіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна”

 

Поделиться