Нарадзіўся Іван Якімавіч 22 лю­тага 1932 года ў вёсцы Чамяры ў сям’і лесніка. У дзяцінстве захапляў­ся маляваннем. Таму пасля заканчэння школы паступіў у Мінскае мастацкае ву­чылішча на аддзяленне жывапісу. Але аднойчы зазірнуў у скульптурны клас і быў уражаны тым, як паслухмяная чу­лым пальцам чалавека гліна ажывае, ператвараючыся ў аб’ёмны малюнак, і ў скульптуры раскрываецца пластыч­ны вобраз, закладзены ў самім матэры­яле. Жаданне ствараць аб’ёмныя, а не пласкасныя творы прывяло маладога мастака да рашэння перайсці на скуль­птарскае аддзяленне. Вучыўся Іван Які­мавіч Міско ў знакамітых скульптараў Андрэя Бэмбеля і Аляксея Глебава. У Беларусі да таго часу ўжо склалася свая школа скульптуры. Было ў каго павучыц­ца, было што пераняць з творчага вопы­ту старэйшых.

Творчасць Івана Якімавіча шырока вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Сярод яго твораў шмат вядомых скульптур. Помнік Максіму Горкаму ўпрыгожвае ўтульны дзіцячы парк на беразе Свіслачы ў Мінску. Пом­нік Маці-патрыёткі Анастасіі Фамінічны Купрыянавай – сімвал самаахвярнасці маці, якая не дачакалася сваіх дзяцей з вайны, стаіць у Жодзіна.

З вялікай павагай мастак ставіц­ца да гістарычнага мінулага белару­скага народа, імкнецца сваёй твор­часцю ўвекавечыць памяць вядомых дзеячаў нашай краіны. Ім створаны бюст Казіміра Семяновіча і скульпту­ра беларускага першадрукара Фран­цыска Скарыны. Зрабіў эскіз фран­цузскай мастачкі Надзеі Лежэ, якая нарадзілася ў Барысаўскім раёне і з якой скульптар быў асабіста знаё­мы. Сёння Іван Якімавіч працягвае працу над помнікам Льва Сапегі для Слоніма.

Але ва ўсім свеце Іван Якімавіч Міско больш вядомы як «касмічны скульптар», які стварыў цэлую галярэю скульптур­ных бюстаў касманаўтаў, у першую чар­гу – нашых беларусаў Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага. Ён працаваў не толькі ў сваёй майстэр­ні ў Мінску, але і ў Зорным гарадку, дзе пазнаёміўся з многімі касманаўтамі, на­зіраў за іх трэніроўкамі. Сярод яго твораў шмат скульптурных бюстаў касманаўтаў з іншых краін. Яго працы на касмічную тэму ёсць у музеях і прыватных калекцы­ях многіх краін свету. Скульптурная кам­пазіцыя «Космас» з мармуру ўпрыгож­вае адзін з паркаў горада Алія ў Ліване.

Іван Якімавіч Міско з’яўляецца За­служаным дзеячам мастацтваў Бела­русі, узнагароджаны Ганаровай грама­тай Вярхоўнага Савета БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Беларусі, сябар Саюза мастакоў СССР і Бела­рускага саюза мастакоў, узнагароджа­ны медалём Францыска Скарыны і ор­дэнам Ю.А. Гагарына.

На выставе прадстаўлены экспана­ты, якія падарыў Іван Якімавіч Міско Слонімскаму краязнаўчаму музею ў розныя часы. Сярод іх – скульптур­ныя партрэты, першыя графічныя пра­цы, фотаздымкі скульптур, дакументы, асабістыя рэчы, якімі ён карыстаўся ў сваёй майстэрні, і інш.

Запрашаем на выставу.

Сяргей БУРСЕВІЧ, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея.

Поделиться