Мова… Родная мова

У марах, у песнях, у снах.

Мае ў ёй кожнае слова

Свой колер, і смак, і пах.

Анатоль Грачанікаў

Чарговы раз у ДУА “Гімназія №1 г.Слоніма” з асаблівым хваляваннем і насычана прайшла дэкада беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры. На працягу дзесяці дзён настаўнікі і вучні актыўна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах цікавых форм правядзення: інфа-дайджэст “Дэкада пачынаецца…”, выстава “Малюем вобразы-сімвалы Беларусі”, акцыя пажаданняў “Камплімент роднай мове”, фотачэлендж “Беларускі фармат: будзь у трэндзе”, адкрыты мікрафон з Аленай Руж і іншае.
Гімназісты атрымалі магчымасць яшчэ раз далучыцца да культурнай спадчыны нашага народа, паказаць сваю эрудыцыю ў веданні гісторыі нашай краіны і роднай мовы праз квэст-гульню “Знаўцы роднай мовы”, інтэлектуальны квіз “Пуцявінамі роднай мовы”, онлайн-віктарыну “Марскі бой”, інтэлектуальную гульню “Самы разумны”.
Міжнародны дзень роднай мовы ў нашай гімназіі заўсёды вызначаецца святочнасцю і незвычайнасцю. Святочны ранак пачаўся з усеагульнай акцыі “Гаворым па-беларуску”, якая прымусіла ўсю школу ў гэты дзень размаўляць на роднай мове. Педагогі і вучні гімназіі прынялі актыўны ўдзел напісанні абласнога дыктанта “Музейная гара” у рамках дня роднай мовы.
Ужо сталай традыцыяй у гэты час з’яўляецца наведванне Слонімскага драматычнага тэатра і раёнага цэнтра культуры і адпачынку. Школьнікі з нецярплівасцю чакалі спектакля, каб сустрэцца з героямі “Прымакі” Янкі Купалы. Для настаўнікаў прапанавана п’еса А.Дударава “Чорная панна Нясвіжа”.
Паспытаць “на смак” беларускую мову давялося навучэнцам і педагогам, прыняўшы ўдзел у гастранамічным фэсце “Гісторыя Беларусі на смак”. Прыемны пах казытаў нос яшчэ на першым паверсе. Чаго там толькі не было на сталах! І апетытная каўбаска, і сала, і дранікі, і бліны з мачанкай, і святочны каравай, і капуста квашаная, і агуркі салёныя, і розныя стравы з бульбы. Шумна і весела прайшла дэгустацыя страў.
Цікавай субяседніцай у адкрытым мікрафоне з вучнямі 8-11 класаў стала слонімская паэтэса Алена Руж, член Слонімскага літаб’яднання імені А.Іверса, якая вельмі захапляльна расказала пра сябе і сваю творчасць.
Дэкада беларускай мовы і літаратуры запомнілася ўсім гімназійцам. Кожны ўдзельнік у сваім сэрцы змог пакінуць думку, што трэба любіць і шанаваць сваю родную мову. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова!

Сідорык К.А., Шундрык Ж.Ю., настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія №1 г. Слоніма”

Поделиться