Вывучаць свай край магчыма тады, калі ўсвядоміш, што гісторыя — гэта не штосьці далёкае. Яна побач з намі, дастаткова зрабіць толькі “некалькі крокаў” па вуліцах свайго аграгарадка, праехаць колькі кіламетраў па сваёй вобласці ці зазірнуць у суседнюю.

Экскурсія мае важнае значэнне як у жыцці чалавека, так і ў адукацыйным працэсе. Яна падцвярджае непарушнае пазнаваўчае правіла: лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Менавіта адукацыйныя экскурсіі даюць магчымасць вучням павысіць свой інтэлектуальны ўзровень, развіваюць назіральнасць, здольнасць успрымаць прыгажосць наваколля. Ніякая віртуальная экскурсія не заменіць асабістай прысутнасці, калі можна дакрануцца да сцяны, што прастаяла некалькі стагоддзяў, удыхнуць паветра, якім дыхалі “слаўныя сыны Беларусі”.

У ДУА “Жыровіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна” экскурсійная дзейнасць займае важнае месца. І вучні школы ахвотна адгукаюцца на прапановы настаўнікаў наведаць тое ці іншае месца, самі ўносяць прапановы, куды можна паехаць і што паглядзець.

Чарговае месца, якое не пакінула раўнадушным ніводнага ўдзельніка экскурсіі, – горад Косава з яго сядзібай, у якой некалі нарадзіўся і жыў Тадэвуш Касцюшка, і Косаўскі палац.

              Косаўскі палац – унікальны помнік неагатычнай архітэктуры XIX стагоддзя. За казачны вобраз і раскошу яго называлі “рыцарскай мрояй”. Нягледзечы на тое, што вялікая рэстаўрацыя яшчэ працягваецца, вучні школы змаглі ацаніць прыгажосць палаца і прагуляцца па залах, якія чакаюць вяртання былой раскошы.

              З захапленнем дзеці слухалі легенды пра  пра падземны ход даўжынёй 25 кіламетраў ад Косаўскага палаца да Ружанскага, пра тое, што ў палацы было каля 100 пакояў. Пры гэтым усе яны адрозніваліся адзін ад аднаго: былі “блакітны пакой”, “залаты пакой”, “срэбраны пакой”.

Найбольш здзівіла легенда  пра пакой са шкляной падлогай, пад якой плавалі рыбкі. Гэта магло б быць праўдай, тым больш, трэба ўлічыць тое, што Пуслоўскія былі надзвычай багатымі людзьмі. Ды і не рабілі яны ўсе пакоі аднолькавымі, як у студэнцкім інтэрнаце.

Іншая легеда сцвярджае, што палац быў збудаваны так, што ў ім была неверагодная акустыка. Пляснеш у далоні ў адным канцы палаца — а звон пойдзе да іншага.

Яшчэ адна легенда кажа, што ў Пуслоўскіх у палацы быў леў, якога яны выпускалі гуляць па калідорах, каб слугі нічога каштоўнага не ўкралі. Улічваючы тое, што ў парку Пуслоўскіх былі вельмі унікальныя дрэвы з самых розных экзатычных краін, то мог быць у іх і леў.

І ўжо зусім неверагодна, але кажуць, што графіня Пуслоўская вельмі любіла катацца на санях. Жадаючы дагадзіць каханай жонцы, граф ладзіў катанні нават летам. Тэрасы парка засцілаліся белымі тканінамі і пасыпаліся соллю, па якой графіня і каталася на санях.

Як бы там ні было, усе гэтыя легенды — вялікае культурнае багацце нашага краю. Ад іх нельга адмаўляцца, а трэба берагчы, пераказваць, прыдумваць новыя. Тады і турысты сюды пацягнуцца з усяго свету, і дзецям будзе што цікавага расказаць падчас экскурсіі.

Ды і сядзіба – музей Тадэвуша Касцюшкі – тое месца, наведванне якога нельга адкладваць у доўгую скрыню, да таго ж яна  размешчана непасрэдна побач з палацам.

Удзельнікі экскурсіі яшчэ раз згадалі, што Тадэвуш Касцюшка – гэта ваенны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай і ЗША, удзельнік вайны за незалежнасць ЗША, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года, нацыянальны герой Польшчы, ЗША, Літвы і Беларусі, а таксама ганаровы грамадзянін Францыі.

Дадзены музей размясціўся ў адноўленай сядзібе, у якой ў 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Тут жа прайшлі яго першыя гады жыцця. Ад арыгінальнай сядзібы 18-га стагоддзя захаваліся толькі падмуркі і падвал. Астатняя частка будынка была адноўлена ў 2004 годзе на падставе малюнкаў 19-га стагоддзя пры фінансавай падтрымцы ЗША. Экспазіцыя музея ўключае ў асноўным копіі розных прадметаў і лістоў звязаных з яго жыццём (арыгіналы якіх захоўваюцца ў Польшчы і ЗША), а таксама мноства прадметаў штодзённага ўжытку і мэблі. Гэтыя рэчы пазнаёмілі наведвальнікаў з побытам беларускай шляхты сярэдзіны 18-га стагоддзя.

Дзеці ў чарговы раз пераканаліся, што з гісторый невялікіх куточкаў складаецца гісторыя ўсёй дзяржавы — Рэспублікі Беларусь. А такіх куточкаў у нас нямала і яны паступова адкрываюць тым, хто цікавіцца, свае малавядомыя старонкі і захапляюць неверагоднасцю гісторый.

Настаўнік, які выконвае фукцыі класнага кіраўніка Адамчык Н.А.

Поделиться