У рамках Года беларускай жанчыны ў Слонімскім аддзеле рамёстваў на пасяджэнні аматарскага аб’яднання «Спадчына» адбылася творчая сустрэча са Святланай Антонаўнай Раманюк — таленавітай жанчынай, якая доўгі час працавала начальнікам аддзела культуры, а зараз займаецца рукадзеллем.

Удзельнікі мерапрыемства апынуліся ў сапраўдным калейдаскопе творчасці. Святлана Антонаўна прадэманстравала частку сваіх вырабаў – вязанне, алмазная вышыўка, дэкупаж, тапіарый, якія ўразілі прыгажосцю, дакладнасцю майстэрства і разнастайнасцю тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найбольшую цікавасць вызвалі кампазіцыі ў тэхніцы мылаварэння, і Святлана Антонаўна правяла майстар-клас па стварэнні духмянага фармаванага мыла.

Новая прапанаваная тэхніка стала добрай ідэяй для стварэння падарунка сваімі рукамі. Жанчыны аб’ядналіся ў творчы саюз і стварылі прыгожыя сувеніры.
Творчасць – адзін з лепшых спосабаў аб’яднаць жанчын і раскрыць іх таленты.

Падрыхтавала Таццяна ДЗЕНІСЮК
