31 мая у цэнтры культуры і адпачынку адбыўся канцэрт народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Грымата”, пад кіраўніцтвам Валянціны Шэронавай.

У канцэртную праграму ўвайшлі вядомыя беларускія мелодыі і песні беларускіх аўтараў.
Трэба адзначыць, што ансамбль быў стрвораны ў 1990 г. У яго склад уваходзяць таленавітыя выканаўцы горада і раёна. Ужо першыя выступленні калектыву паказалі яго высокі творчы і прафесійны ўзровень. З цягам часу ў праграму былі ўключаны фальклорныя творы і апрацоўкі старых мелодый. У 2000 г. калектыву прысвоена ганаровае званне народнага.
“Грымаце” прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва “За ўклад у развіцце міжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь” за творчую працу па ўмацаванні міжнародных культурных сувязей і папулярызацыю беларускага музычнага мастацтва. На VII абласным фестывалі “Зайграйце музыкі” (г. Ліда, 2011) калектыў стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Ансамбль народнай музыкі і песні”. У 2012 у г. Паставы праходзіў ХIV Міжнародны фестываль народнай музыкі і песні “Звіняць цымбалы і гармонік”, на якім ансамбль атрымаў Дыплом лаўрэата III ступені, а таксама Дыплом у намінацыі “Інструментальны жанр.”

За 30 гадоў “Грымата” змянілася – вырас рэпертуар і прафесіяналізм, у калектыў прыйшлі новыя ўдзельнікі. Але ёсць і тое, што засталося ад самых першых дзён: любоў да сцэны і гледача, павага і цярпенне да калег.
Кожны нумар канцэртнай праграмы глядачы сустракалі авацыямі.
Ігар ПРАКОФ’ЕЎ.

Поделиться