Вучням шостых класаў нашай школы сёлета зноў пашчасціла : чарговы раз арганізаваны профільны лагер “Знаўца”, які адчыніў дзверы ўдзельнікам 12 чэрвеня.

З першых дзён наведвальнікі акунуліся ў атмасферу роднай мовы, краязнаўства, фальклору. У час заняткаў дзеці не толькі ўзнаўляюць і паглыбляюць веды па беларускай мове, але і раскрываюць таямніцы і загадкі роднага слова, беларускага, мілагучнага. Наш лагер “Знаўца” толькі для цікаўных.

  На першым тыдні наведвальнікі вандравалі па краіне пад назвамі “Лексіка” “Фразеалогія”. Захапіла вучняў , напрыклад, заданне на суаднясенне назвы месяцаў з адпаведнымі народнымі назвамі: июнь – чэрвень – ягаднік (час збіраць ягады), июль –ліпень – мёднік (час нарыхтоўкі мёду), август – жнівень – спаснік (яблычны Спас), сентябрь – верасень – агароднік (пара прыбіраць усё, што вырасла ў агародзе), октябрь – кастрычнік – хлебнік (заканчэнне ўборкі ўраджаю, выпечка першага хлеба з новага ўраджаю), а яшчэ ёсцьі шчаўнік, вясельнік, бярозавік, бліннік, вясельнік.

  Зацікавіў знаўцаў такі фразеалагічны выраз, як пасля дожджыка ў чацвер.Чаму менавіта ў чацвер, а не ў сераду ці ў аўторак? Над гэтым задумаліся вучні і даведаліся пра этымалогію паходжання дадзенага словазлучэння.Аказалася, што любімы дзень на тыдні ў бога Перуна (бог грому і маланкі) быў чацвер.

  З задавальненнем вучні адгадвалі шарады, лагагрыфы, метаграмы, анаграмы. Вось такія: за мерай ноту стаўлю я – чытай жаночае імя (га+ля=Галя); з о- арктычны я і антарктычны, а без о – я знак матэматычны (полюс-плюс) і іншыя.

  Чароўныя краіны Лексіка і Графіка загадалі запісаць па два словы, якія пішуцца аднолькава, а чытаюцца па-рознаму (тут неабходна ўявіць графічны “партрэт” слова). Напрыклад,стары …ведаў шмат …(казак); гэты…невысокі, … яшчэ пяску (насып);… конь даядаў …гарох (вараны) і гэтак далей.

  Наведвальнікам прапаноўваліся гульнявыя заданні і розныя крыжаванкі: крыжаванкі – тлумачанкі, запытанкі, загаданкі, заблытанкі, маляванкі, а таксама рэбусы, загадкі, смяшынкі, скорагаворкі , квест-гульні.

  Наперадзе яшчэ чакаюць незвычайныя падарожжы па краінах Марфалогія, Марфеміка, Сінтаксіс…

  Штодзённыя сустрэчы знаўцаў займальныя, карысныя, запамінальныя, цікавыя, бо ўзбагачаюць слоўнікавы запас, актывізуюць выкарыстанне розных моўных сродкаў, развіваюць лагічнае і вобразнае мысленне, памяць, кемлівасць, абуджаюць пачуццё пашаны і любові да мовы, увагі да роднага слова.Такія заняткі надаюць зарад станоўчых эмоцый і цудоўны настрой на доўгі час.

  У другой палове дня наведвальнікаў чакалі забаўняльныя мерапрыемствы. Вось такія, напрыклад, як конкурс эрудытаў “Чароўны куфэрак”, музычны конкурс “Караоке па-беларуску”, спартакіяда “Падарожжа з лёсікам”, выстава творчых работ “Нашы любімыя словы”, экскурсія ў раённую бібліятэку “Белая Русь: старажытная і сучасная”, хвілінка здароўя “Хімія на дэсерт” (аб шкодных харчовых дадатках.) і іншыя.

  З вялікай ахвотай наведвальнікі пабывалі ў вайсковай часці горада. Салдаты распавядалі пра жыццё, паказалі зброю, ваенную тэхніку. Паміж салдатамі і вучнямі атрымаўся цікавы дыялог пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, абаронцаў нашага горада.

  Усе мерапрыемствы лагера “Знаўца” накіраваны на развіццё інтэлекту вучняў, на цікавы і карысны адпачынак.

 

Зоя КАРПОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №5 г.Слоніма”

Поделиться