
Мокры снег з дажджом і парывісты вецер чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«Атлантыку нездарма называюць «кухняй надвор’я». Цяперашняй зімой яна з рэгулярным пастаянствам адпраўляе цыклоны на прасторы паўночных мораў, перакрываючы тым самым доступ халоднага паветра ў паўднёвыя шыроты. Атлантычныя паветраныя масы будуць падаграваць атмасферу ў большасці краін Еўропы, — расказалі ў Белгідрамеце. — У апошнія дні ў нашай краіне паветра праграваецца як у красавіку. У выніку ў многіх раёнах на гэтым тыдні фіксуюцца рэкорды тэмпературы. Усюды растаў снег. Акрамя тэмпературных, гэты зімовы сезон установіць рэкорд па бясснежнасці».
Сіноптыкі не прагназуюць істотных змяненняў у бліжэйшыя дні. У пятніцу, 21 лютага, надвор’е ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі ўдзень па захадзе будзе адчувацца ўплыў франтальнага раздзелу. Чакаецца пераменная воблачнасць. Будзе без істотных ападкаў, удзень па захадзе пройдуць мокры снег, дождж. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы слабы туман. Вецер прагназуецца паўднёвы, паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3, удзень — 3-9 градусаў цяпла.
У суботу, 22 лютага, будзе адчувацца ўплыў вільготных і цёплых паветраных мас, якія ідуць з тэрыторыі Заходняй Еўропы. Будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі па Беларусі пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Уначы дзе-нідзе магчымы слабыя туман і галалёд. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны, а ў дзённы час, пераважна па паўночна-заходняй частцы краіны, парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да плюс 3, удзень — 2-8 градусаў цяпла.
«Над Ісландыяй пачаў ужо фарміравацца чарговы вельмі глыбокі і шырокі цыклон, які ідзе на поўнач Скандынаўскага паўвострава. У нядзелю, 23 лютага, у яго арбіту трапіць і надвор’е ў нашай краіне», — звярнулі ўвагу сіноптыкі. На большай частцы Беларусі чакаецца моцны парывісты вецер заходняга напрамку. Будзе пераважаць воблачнае надвор’е. Часам будуць выпадаць ападкі (мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж). Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 5, удзень — 2-8 градусаў цяпла.
«У пачатку наступнага тыдня будзе ветрана. Атмасферныя франты стануць частымі гасцямі ў нашай краіне, у многіх раёнах чакаюцца ападкі. Тэмпературны фон па-ранейшаму будзе павышаны. Да сярэдзіны тыдня вецер сціхне», — адзначылі ў Белгідрамеце.
БелТА