Штогадова люты запрашае ўсіх далучыцца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. З гэтай мэтай ва ўсёй краіне быў наладжаны Тыдзень роднай мовы пад назвай “Мова краіны маёй”. Актыўна далучыліся да рэалізацыі плана тэматычнай сямідзёнкі і навучэнцы Новадзявяткавіцкай СШ.

У першы дзень тыдня інфармацыйная тумба ў фае школы не толькі пазнаёміла з планам мерапрыемстваў, але і прапанавала рознага кшталту заданні-конкурсы: “Эмодзі – у модзе”, “Кросанс – шпаргалка для кемлівых”, “Воблакі слоў для дапытлівых” і інш.

Дзень роднай мовы вітаў усіх з самага ранку беларускамоўнымі песнямі. Працягам святкавання стала віншавальная акцыя “З Днём роднай мовы”: у падарунак ад старшакласнікаў вучні пачатковых класаў атрымалі тэматычныя закладкі, а настаўнікаў пацешылі падораныя ім сімвалы Беларусі – васількі. Далучыліся да рэспубліканскай дыктоўкі “Музейная гара” 22 удзельнікі, падтрымаў акцыю і дырэктар школы.

Тыдзень беларускай мовы знайшоў месца і для ваенна-патрыятычнай старонкі: самы пачатак дня прысвяцілі конкурсу чытальнікаў твораў патрыятычнай тэматыкі, затым наведалі мерапрыемства, якое ладзіла ваенная часць №33933 г. Слоніма, а непасрэдна ў Дзень абаронцаў Айчыны прынялі ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі “Час герояў: што ты пакінуў нам?”.

Інтэрактыўная гульня “Пагуляем у словы роднай мовы” працягнула святкаванне Тыдня роднай мовы. Інтэлектуальныя марафон-перапынкі “З рога ўсяго многа”  актуалізавалі веды навучэнцаў 5-7 класаў па беларускай літаратуры: па прапанаваных рэчах ім трэба было ўзнавіць назву твора і яго аўтара. Была тут і цялушачка з казкі “Разумная дачка”, і гладыш з народнай легенды “Дамавікова ўдзячнасць”, і чыгунок, у якім варыў клёцкі ў бярозавіку дзядзька Антось з паэмы “Новая зямля” і шмат іншага. Заключным акордам тыдня стаў інтэлект-конкурс для старшакласнікаў “Этымалогія беларускіх тапонімаў”, які прайшоў у рамках шостага школьнага дня.

І хоць тэматычны тыдзень закончыўся, мы не гаворым “да наступнага лютага”, а скажам “да заўтра, мова краіны маёй”.

Вольга Блізнюк, настаўнік

беларускай мовы і літаратры

Новадзявяткавіцкай СШ

Поделиться
Перейти к содержимому