Мова, Радзіма, маці… Гэтыя словы святыя для кожнага чалавека, асабліва беларуса. Нас называюць памяркоўнымі, гасціннымі, шчырымі людзьмі. Беларусы вылучаюцца сваёй знешнасцю, ветлівай усмешкай на вуснах і мілагучнай, напеўнай мовай.

Міжнародны дзень роднай мовы — гэта свята, асаблівая падзея. У 1999 годзе па рашэнні ЮНЕСКА 21 лютага быў абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без носьбіта.
Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання.
Беларуская мова заслугоўвае таго, каб на яе адрас гаварылі самыя шчырыя, пяшчотныя словы.
Адчыніце дзверы, людцы,
Адусюль хай далятае:
Словы родныя куюцца…
Кросны родныя снуюцца…
Песні родныя пяюцца…
Мова,
Мова
Нас вітае.
(Вольга Куртаніч)
Бібліятэкар дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 8 г.Слоніма” Ільчанка Т.І. прапанавала вучням 7 “Г” класа прыняць удзел у турніры “Мова родная, сябруй са мной”. З цікавасцю вучні ўдзельнічалі ў конкурсах перакладу, канструіраванні фразелагізмаў і прыказак. Цудоўна справіліся дзеці з іншымі разнастайнымі займальнымі заданнямі, а ў завяршэнні склалі сінквейн на тэму мовы.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства пераканаліся, што не толькі праца яднае людзей, але і спаборніцтва, бо збірае яно аднадумцаў, знаўцаў роднай мовы.

Поделиться