19 кастрычніка ў Слонімскім краязнаўчым музеі прайшла прэзентацыя новай кнігі беларускага пісьменніка, краязнаўцы, гісторыка і журналіста Сяргея Чыгрына “Слонімскія гісторыі”. На сустрэчу прыйшлі студэнты медыцынскага каледжа і проста зацікаўленыя гісторыяй Слонімшчыны людзі.

            Сяргей Мікалаевіч расказаў пра самыя цікавыя выпадкі і этапы напісання кнігі. Уразіў аповяд пра лёс Еўдакіі Казловай, якая ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай роднай мовы. У час Вялікай Айчыннай вайны Еўдакія была спачатку сувязной партызанскага атрада, а потым працавала ў Мінску і вяла разведку ў Беларускай цэнтральнай радзе. Цікава было паслухаць пра нашага знакамітага земляка Гальяша Леўчыка, пра яго творчасць, жыццё ў Варшаве і трагічны лёс. У кнігу ўвайшлі артыкулы пра жыццё і дзейнасць Валянціна Таўлая, Уладзіміра Пянткевіча, Анатоля Іверса, Іосіфа Казлоўскага, слонімскіх фатографаў пачатку ХХ стагоддзя, скульптара Леаніда Богдана і шмат іншага.

На прэзентацыю кнігі прыехала спявачка з Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава-Грыневіч, якая падаравала гасцям сустрэчы некалькі песень на словы беларускіх паэтаў.

Хочацца зазначыць, што Сяргей Мікалаевіч Чыгрын выдаў ужо больш за шэсцьдзясят кніг, якія распавядаюць пра родныя мясціны і нашых славутых землякоў. Шмат сваіх кніг, у тым ліку і “Слонімскія гісторыі”, аўтар падараваў музею.

Сустрэча прайшла ў вельмі цёплай атмасферы, а госці атрымалі сапраўдную асалоду ад знаёмства з невядомымі старонкамі жыцця знакамітых землякоў.

Кнігу “Слонімскія гісторыі”, як і іншыя выданні Сяргея Чыгрына, можна набыць у сувенірнай лаўцы музея.

 Алена Сухарукава, дырэктар музея.

Поделиться