Мы з вучнямі нашага класа наведалі вёску Паўлава, пабываўшы на экскурсіі “Паўлаўскі каравай”. Уражанні ад наведвання – самыя прыемныя, яны надоўга застануцца з намі. З першых хвілін сустрэчы ў дзяцей загарэліся вочы ад цікавасці і захаплення. А прыемны водар свежавыпечаных караваяў зачараваў і дзяцей, і настаўнікаў.

Цікава было пачуць пра гісторыю стварэння і розныя віды караваяў. А глядзець на гатовыя вырабы хацелася бясконца. Бо гэта былі сапраўдныя шэдэўры кулінарнага мастацтва.

У час экскурсіі другакласнікі былі актыўнымі ўдзельнікамі, а не проста слухачамі. Дзеці спрабавалі вілкамі дастаць гаршчок з печы, як рабілі гэта калісьці гаспадыні, назіралі, як распальваюць агонь у печы, патрымалі ў руках прадметы побыту, адгадвалі загадкі, гулялі ў вясёлыя гульні, сталі ўдзельнікамі незвычайнага аркестра. Нават самыя гарэзлівыя і непаседлівыя забыліся пра свае свавольствы.

Экскурсія закончылася, але ніхто не спяшаўся да аўтобуса. Хацелася яшчэ хвілінку пабыць. Мы шчыра падзякавалі ўсім, хто так гасцінна нас сустракаў. А гэта Наталля Міхайлаўна Стасюкевіч (загадчык філіяла “Навасёлкаўскі цэнтр культуры), Таццяна Аляксееўна Кірыенка (хармайстар філіяла), Дар’я Віктараўна Кірыенка (метадыст аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы”).

Алена Якаўчык, настаўнік, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка 2 В класа
ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Слоніма”

 

Поделиться
Перейти к содержимому