На мінулым тыдні для навучэнцаў  2, 4 і 5 класаў ДУА “Новадзявяткавіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна” была арганізавана экскурсія ў самую старадаўнюю і велічную Сынкавіцкую царкву – крэпасць.

Дзеці пазнаёміліся з гісторыяй з’яўлення царквы. Па адной з легенд Сынкавіцкую царкву заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за тое, што мясцовыя жыхары дапамаглі схавацца яму ад пагоні Ягайлы.

Дакладны час будаўніцтва царквы невядомы, але агульныя гатычныя канструкцыі дазволілі даследчыкам лічыць, што храм пабудаваны ў канцы XV – пачатку XVI стагоддзя.

Пры рэстаўрацыі знайшлі надпіс на старажытна — грэчаскай мове: «Не кожнаму духу верце, але выпрабоўвайце яго — ці ад Бога ён.» Гэты надпіс мы ўбачылі і сёння.

Навучэнцы даведаліся, чаму яе называюць  “царква – крэпасць”.  Сведчаннем таму маўклівыя байніцы ў сценах Божага храма. За яго сценамі прашчуры не толькі маліліся Усявышняму, але пры неабходнасці  бараніліся ад ворагаў і перамагалі іх. У 1891 годзе побач з храмам пабудавалі двух’ярусную чатырохгранную званіцу.

Экскурсавод расказала нам, што царква таксама славіцца незвычайным гучаннем званоў, якім няма роўных у Беларусі, і акустыкай. Адной з галоўных каштоўнасцей царквы з’яўляецца ікона Божай Маці «Усецарыца», напісаная яшчэ ў XVII стагоддзі.

Нам пашанцавала сустрэцца з настаяцелем Сынкавіцкай царквы Арсеніям Ананько, за духоўнай парадай да якога едуць з розных куткоў нашай краіны. Царква гэтая прыцягвае незвычайнай энергетыкай  — прыйдзеш сюды, і не хочацца выходзіць.

Вучням спадабалася экскурсія, таму што з дапамогай гэтага архітэктурнага помніка яны змаглі апынуцца ў XV –  XVI стагоддзях і больш дакладна ўявіць пра жыццё нашых  продкаў у тыя далёкія часы.

Навучэнцы прадоўжаць вывучаць прыгожыя мясціны нашай Беларусі і з нецярпеннем будуць чакаць новых падарожжаў.

Тамара Серая, настаўнік пачатковых класаў

ДУА “Новадзявяткавіцкая сярэдняя школа

Слонімскага раёна”

 

Поделиться
Перейти к содержимому