Свята Вялікадня бярэ пачатак ад выдарэння, якое адбылося з выбраным народам у час егіпецкай няволі. Аднак гэты народ, зняволены рабствам праз егіпцян, мае асаблівую апеку Бога, і Бог вызваляе з гэтай няволі свой узлюблены народ. Выводзіць яго з-пад рабства. Гэты ісход і называецца па яўрэйску пасах (Пасха). Бог на памяць аб гэтым вызваленні наказвае яўрэйскаму народу святкаваць гэта свята, ужываючы ў ежу ягня аднагадовае бязвіннае. Езус з’яўляецца тым Ягняткам, бярэ на сябе грахі свету і вызваляе нас з рабства граху, Ён з’яўляецца той Пасхай.
Хрыстос недарма памёр і ўваскрэс, Ён учыніў гэты збаўчы чын, каб нас збавіць. Спажываючы Хрыста ў Эўхарыстыі, мы спажываем Ягня, якое нясе збаўленне.
Шаноўныя сябры! Прагну вас усіх, хрысціян усіх канфесій, павіншаваць са светлым святам Хрыстовага Уваскрэсення. Няхай Хрыстос нас вызваляе з няволі, з рабства граху. Як бы нам ні было цяжка, Бог заўсёды намі апякуецца і як выбраны народ хоча нас вывесці, вызваліць з няволі.
Яшчэ раз усіх са светлым святам Хрыстовага Уваскрэсення!
Хрыстос Уваскрэс!
Сапраўды Уваскрэс!
О. Юрый КАТОВІЧ, пробашч парафіі св. Андрэя Апостала ў Слоніме.

Поделиться