Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка прапануе актуалізаваць мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства. Аб гэтым ішла сёння размова на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Прашу інфармаваць аб распрацоўцы праграмы святочных мерапрыемстваў: якія з традыцыйных атрыбутаў свята абавязкова будуць задзейнічаны, якія новыя падыходы прапануюцца. Магчыма, настаў час адмовіцца ад асобных мерапрыемстваў і замяніць іх новымі, больш актуальнымі па форме і змесце. У першую чаргу я маю на ўвазе святочнае шэсце. Калі мы згаджаемся, што шэсце не праводзім, то якія элементы святочнага дзейства яго заменяць», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм’ер звярнуў увагу, што Бялынічы — горад невялікі, Дзень беларускага пісьменства стане значнай падзеяй для яго жыхароў і гасцей. «Наша задача — зрабіць гэты дзень сапраўды святочным і запамінальным», — падкрэсліў ён.

Міністэрства інфармацыі і Магілёўскі аблвыканкам пачалі ўжо работу па арганізацыі святочных мерапрыемстваў і добраўпарадкаванні горада. «Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме быў запамінальным і натхняльным. Нельга зніжаць дасягнуты высокі ўзровень, трэба максімальна выкарыстоўваць набыты вопыт і пастарацца зрабіць яшчэ лепш», — лічыць Ігар Петрышэнка.

На яго думку, вельмі важна арганізаваць работу па павышэнні статусу Дня беларускага пісьменства як свята нацыянальнага ўзроўню. Мінспорту даручана загадзя прадумаць, як прыцягнуць турыстаў на Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах, і не менш як за паўгода распрацаваць адпаведныя турыстычныя маршруты.

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Цэнтрам свята станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Заслаўе (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім.

БелТА

Поделиться
Перейти к содержимому