20 лютага а 17-й гадзіне ўсіх жадаючых запрашаюць на імпрэзу “Пагавары са мной па-беларуску”.
– Гэта будзе тэатралізаванае літаратурна-музычнае прадстаўленне ад тэатра паэзіі “Вікторыя”, які дзейнічае на базе нашага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі з мінулага года. Прысвечана яно Дню роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага, – распавяла старшыня гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.  Сама імпрэза будзе складацца з чатырох розных дзеяў. Падчас іх прысутныя пабачаць невялікае прадстаўленне паводле апавядання Ганны Скаржынскай-Савіцкай “Усяму аснова родная мова” ў выкананні школьнікаў. Свае творы на беларускай мове прачытаюць гродзенскія пісьменнікі Віктар Кудлачоў, Браніслаў Ермашкевіч, Людміла Шаўчэнка, Святлана Тарасава, Вікторыя Смолка  і іншыя творцы. 
 
Завяршыцца імпрэза гульнёвай праграмай ад Пятра Сямінскага, якая пакажа, наколькі добра госці ведаюць родную мову. Вечар пройдзе ў суправаджэнні прыгожай музыкі.
apanas.jpg
Яшчэ адно цікавае мерапрыемства, на якое запрашаюць гродзенскія пісьменнікі, адбудзецца ў абласной навуковай бібліятэцы 27 лютага. Пачатак таксама ў 17.00. У гэты час тут распачне працу грамадскі дыскусійны клуб “Славадром”.
Дыскусійны клуб існуе з 2015 года, і кожнае яго паседжанне – новая тэма для абмеркавання. Гэтым разам размова пойдзе пра прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы. Што такое моўны этыкет, якія ёсць асаблівасць устойлівых выразаў Прынямоння, моўныя традыцыі ў эпоху глабалізацыі – гэтыя і іншыя пытанні можна будзе абмеркаваць з пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі і навукоўцамі. Прыходзьце і выказвайце свае думкі!
Таццяна Мастоўская
“ГП”
Поделиться