У чацвер, 23 лістапада, у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася сустрэча «Каласавіны-2023».
Сустрэча была прысвечана юбілейнай даце, бо менавіта ў гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў з выхаду ў друк паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». І да гэтага юбілею выйшла факсімільнае выданне твора.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Галіна Васільеўна Данільчык, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Уладзіміраўна Мацяс, праўнучка Якуба Коласа і галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Валер’еўна Міцкевіч, малодшая ўнучка Якуба Коласа і навуковы супрацоўнік «ДНУ Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Вера Данілаўна Міцкевіч, бібліятэчныя работнікі школ горада і раёна, а таксама паэты і пісьменнікі Слонімшчыны.
У ходзе сустрэчы «Каласавіны-2023» праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч прэзентавала факсімільную копію кнігі, якую выдаў Якуб Колас ў 1923 годзе. Як адзначыла Васіліна Валер’еўна, гэта пятае факсімільнае выданне па творах аўтара.
Бібліятэка атрымала ад Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа падарункі – кнігі Якуба Коласа і юбілейнае факсімільнае выданне паэмы «Новая зямля».
Унікальны экзэмпляр будзе чакаць сваіх чытачой у раённай бібліятэцы.
Пасля прэзентацыі госці і ўдзельнікі мерапрыемства наведалі музей беларускай кнігі і музей–пакой Алега Лойкі, якія знаходзяца ў памяшканні бібліятэкі.

 

 

Поделиться