
У малой зале Слонімскага раённага цэнтра культуры адбыўся семінар-практыкум “Зберажэнне і развіццё фальклору пасродкам вывучэння побытавых танцаў, беларускіх гульняў, аўтэнтычных песень, стварэння клубных фарміраванняў фальклорнага накірунку”.
Як было адзначана падчас сустрэчы, фальклор з’яўляецца нацыянальным багаццем. Гэта велізарны пласт духоўнай культуры беларусаў, які складаўся калектыўнымі намаганнямі пакаленняў на працягу стагоддзяў. На сучасным этапе нацыянальнага адраджэння неабходна вярнуцца да таго, што было дасягнута нашымі продкамі.
Праграма мерапрыемства была цікавая і насычаная. У працэсе семінара, на якім прысутнічалі спецыялісты дзяржаўнай установы культуры “Слонімскі раённы цэнтр культуры”, разглядаліся розныя тэмы – размаўлялі пра фальклорныя мерапрыемствы і калектывы Гродзенскай вобласці, пра захаванне традыцый як аснову нацыянальнай ідэнтычнасці, духоўнага адзінства і культурнай разнастайнасці Рэспублікі Беларусь, пра зберажэнне песенных традыцый і асаблівасці побытавага танца.

Аб пераемнасці, захаванні і папулярызацыі фальклорнай спадчыны ў дзяржаўнай установе культуры Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці распавяла госць семінару, метадыст па народных мастацкіх рамёствах, традыцыях, абрадах, фальклору аддзела метадычнай работы Таццяна Янушкевіч.
Былі прадстаўлены відэапрэзентацыі творчай дзейнасці фальклорных калектываў Гродзенскай вобласці. Для ўсіх прысутных выступіў фальклорны гурт “Вытокі” філіяла Васілевіцкага цэнтра культуры. Падчас мерапрыемства быў праведзены майстар-клас па танцам “Кракавяк”, “Нарэчанька”.
Народны фальклорны калектыў “Чараўніцы-каравайніцы” філіяла “Навасёлкаўскі цэнтр культуры” Слонімскага раённага цэнтра культуры прадставіў праграму “Саракі”.
Семінар прайшоў у цёплай, сямейнай атмасферы і, як адзначылі ўдзельнікі, быў надзвычай карысным.

Таццяна ДЗЕНІСЮК
