Ці задумваліся вы над тым, як сумясціць дзве прафесіі ў адным чалавеку? Адказ на гэта пытанне навучэнцам Новадзявяткавіцкай СШ дапамагла знайсці госця суботняга прафарыентацыйнага мерапрыемства – Хадакоўская Анастасія Уладзіміраўна, медыцынская сястра Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія”, студэнтка трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій.

За дзве гадзіны мерапрыемства інтэрактыўнага фармату ўдзельнікі ахапілі шырокі спектр інфармацыі: ад умоў паступлення ў медыцынскія і педагагічныя ўстановы да спецыфікі работы ў вобласці медыцыны і адукацыі. Ролевая гульня з “пацыентамі” дапамагла вучням глыбей зразумець сутнасць работы медыцынскага работніка, якая патрабуе не толькі трывалых тэарэтычных ведаў, але і ўмення хутка прымаць рашэнні. Фармат “Пыталі – адказваем” даў магчымасць прысутным атрымаць адказы на пытанні рознага кшталту: і ў чым плюсы-мінусы работы педагога, і які кар’ерны рост можа мець спецыяліст гэтай прафесіі…

Вынікам сустрэчы стала выснова, якая прагучала з вуснаў саміх дзяцей: абедзве прафесіі ўтрымліваюць у сабе гуманнасць, дабрыню, спагаду, жаданне дапамагчы, падзяліцца ведамі і ўменнем, быць карысным бліжняму і ўсяму грамадству, да якога адносішся і ты сам.

Такое мерапрыемства не аставіла абыякавым нікога: ні дзяцей, ні госця. Удзельнікі развіталіся са словамі “да наступнай сустрэчы”!

Вольга Блізнюк,

педагог, які выконвае функцыі

класнага кіраўніка 7 класа

Новадзявяткавіцкай СШ

Поделиться