У мінулую нядзелю аграгарадок Міжэвічы Слонімскага раёна напоўніўся блакітным колерам і святочным настроем. Тут разгарнулася каларытнае мерапрыемства, прысвечанае нацыянальнаму багаццю беларускай зямлі –лёну, а таксама народным рамёствам і кулінарным традыцыям. Сёлета свята адзначыла свой першы сур’ёзны юбілей – 10 гадоў з дня заснавання.

Урачыстасць пачалася з цёплых прывітальных слоў, права адкрыць свята было прадастаўлена начальніку аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Галіне Васільеўне Данільчык. Яна шчыра павіншавала прысутных, падкрэсліўшы важнасць захавання народных вытокаў і перадачы традыцый наступным пакаленням.

Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства быў і кіраўнік вытворчага ўчастка ААТ «Дварэцкі ільнозавод» Яўгеній Мікалаевіч Пачэбут. Ён адзначыў, што лён – гэта не проста сімвал Беларусі, але і вынік нястомнай працы людзей, якая заслугоўвае глыбокай павагі.
Сапраўдным упрыгожваннем праграмы стала дэманстрацыя калекцыі адзення з лёну, якую падрыхтавалі ўдзельнікі калектыву аматарскай творчасці Міжэвіцкага цэнтра культуры.
Падчас свята вялікую цікавасць у гасцей выклікаў музей пад адкрытым небам «Ад вытокаў да сучаснасці». Адметнасцю стала экспазіцыя рэчаў з мясцовых этназбораў: наведвальнікі маглі ўбачыць старадаўнія прылады працы, з дапамогай якіх нашы продкі калісьці апрацоўвалі і пралі лён. Для ўсіх жадаючых праводзіліся майстар-класы па вырабе традыцыйных абярэгавых лялек з ільнянога валакна.

Не абышлося і без пачастункаў. Для гасцей была падрыхтавана дэгустацыя духмянай хатняй выпечкі з дабаўленнем лёну, прыгатаванай па ўнікальных рэцэптах мясцовых гаспадынь. За свае залатыя рукі, шчодрасць і кулінарны талент каштоўнымі прызамі былі адзначаны Марыя Штэбе, Ірына Паварэнка, Марыя Няцецкая, Вольга Шамрэй, Ірына Галілеева, Ніна Шкель, Аксана Даніловіч, Раіса Крывіцкая, Валянціна Клімовіч, Людміла Ануфрэня і Алена Астапчук.
Выдатны настрой і вясёлую атмасферу на працягу мерапрыемства стваралі народны вакальны ансамбль «Рабінушка», узорная студыя «Шанс» (пад кіраўніцтвам Алены Фомчанка і Ліліі Маруцік), а таксама мясцовыя артысты.

Таццяна ДЗЕНІСЮК
