6 і 7 верасня Ліда прыме ХХХIІ Дзень беларускага пісьменства. У святочныя дні тэлеканал «Беларусь 3» прапануе тэматычны эфір, паведаміла прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі. Гледачоў чакаюць аператыўныя выпускі навін, трансляцыі асноўных канцэртных праграм з Ліды, а таксама тэлеверсіі спектакляў і мастацкія стужкі па матывах твораў класікаў айчыннай літаратуры. Традыцыйна здымачная група «Беларусь 3» наведае ўсе святочныя пляцоўкі, пазнаёміцца з гасцямі і выступоўцамі і даведаецца, чым будзе здзіўляць Ліда. Усе падрабязнасці — у выпусках «Навін культуры».

Иллюстративное фото из архива «СБ»

Галоўнымі эфірнымі падзеямі пад час правядзення культурнага форуму стануць трансляцыі асноўных канцэртных праграм. Так, 6 верасня ў 12:00 у рэжыме рэальнага часу будзе паказаны гала-канцэрт удзельнікаў розных гадоў Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». У гэты ж дзень у 21:05 увазе гледачоў прапануюць цырымонію ўрачыстага адкрыцця ХХХIІ Дня беларускага пісьменства і святочны канцэрт «Слова Радзімы: моц і прыгажосць краіны».

Прамая трансляцыя цырымоніі ўрачыстага закрыцця фестывалю і святочнага канцэрта адбудецца на «Беларусь 3» 7 верасня ў 14:00.

На працягу двух дзён праграма сацыякультурнага канала будзе складацца з мастацкіх фільмаў і тэлеверсій спектакляў паводле твораў беларускіх літаратараў, а ў міжпраграмных перапынках прагучаць вершы на роднай мове.

У тэматычнай падборцы пабачым стужкі: «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Міколка-паравоз», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Белыя росы». Акрамя гэтага, запланаваны паказ айчынных мультфільмаў «Магістр вольных мастацтваў. Францыск Скарына» і «Я тайну ў глыбіні душы хаваю… Максім Багдановіч».

Першыя выхадныя верасня падораць гледачам «Беларусь 3» выдатную магчымасць дакрануцца да свету айчыннага тэатральнага мастацтва і атрымаць асалоду ад пастановак па творам Васіля Быкава, Аляксея Дударава і Янкі Купалы. У эфір выйдуць тэлеверсіі спектакляў «Альпійская балада» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, «Не пакідай мяне…» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і «Паўлінка» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

7 верасня ў 18:00 сацыякультурны канал пакажа дакументальны фільм «Уладзімір Караткевіч. Народжаны для кахання».

СБ

Поделиться
Перейти к содержимому