28 жніўня ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ў рамках адкрытага пасяджэння аматарскага аб’яднання «Спадчына» адбылася сустрэча з таленавітай сямейнай парай: Марынай Анатольеўнай і Сяргеем Васільевічам Філітовіч. Разам яны ўжо больш за 30 гадоў.
Марына Анатольеўна дасканала валодае тэхнікай народнага мастацтва «Інкрустацыя саломкай». Гэтаму рамяству яна навучылася ў Кобрынскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы народнай творчасці, дзе атрымала спецыяльнасць «Інкрустатар саломкай па дрэве». Пазней вывучалася на псіхолага і працавала па спецыяльнасці ў сферы адукацыі.
Зараз Марына Анатольеўна на заслужаным адпачынку, таму ёсць час вярнуцца да любімай творчай справы.
Трэба адзначыць, што майстар таксама распрацоўвала эскізы і ўзоры вырабаў у тэхніцы «Інкрустацыя саломкай» для Слонімскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. У Беларусі няшмат майстроў, якія займаюцца інкрустацыяй саломкай на прафесійным узроўні.
Марына Анатольеўна нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі (цяпер Сянькоўшчынскі сельскі савет), і з самага дзяцінства яе атачалі вырабы народнага побыту, ёй добра знаёмы асаблівасці вясковага жыцця. Як прызнаецца майстар, яе заўсёды прываблівала народная творчасць, матывы якой для яе з’яўляюцца блізкімі, роднымі, таму ў творчых работах нязменна прысутнічае традыцыйны беларускі арнамент. Па словах майстра, творчае натхненне яна атрымлівае з прыгажосці наваколля і ў вырабах аддае перавагу спалучэнню натуральных матэрыялаў.
Драўляныя асновы – творчасць клапатлівага мужа Сяргея Васільевіча Філітовіча. На працу з дрэвам яго натхнілі работы беларускіх майстроў-разьбяроў, якія ён убачыў падчас наведвання Белавежскай пушчы. І нягледзячы на асноўную занятасць – кіроўца на Слонімскім хлебзаводзе – усё ж знаходзіцца час на працу з дрэвам.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з калекцыяй аўтарскіх вырабаў творчага сямейнага тандэма: дэкаратыўнымі вясковымі хаткамі, калодзежамі, млынамі, дэкарыраванымі алоўніцамі.
Марына Анатольеўна падзялілася ведамі і сакрэтамі майстэрства падчас майстар-класа.


Падрыхтавала Яўгенія СІДАР.
