Вечар памяці, прымеркаваны да 110-годдзя з дня нараджэння Анатоля Іверса (Івана Дарафеевіча Міско), арганізавалі у зале раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа.  Гучалі вершы нашага тэленавітага земляка ў выкананні моладзі – навучэнцаў СДПТК СВ, а таксама ўспаміны творчых сяброў і аматараў паэзіі.

Мерапрыемста праходзіла ў вельмі ўтульнай атмасферы. У цэнтры залы – выстава зборнікаў Анатоля Іверса, на століку вядучых – супрацоўнікаў бібліятэкі – палявыя кветкі, у руках гасцей – падлеткаў і дарослых – кніжкі ды лісткі з вершамі, што прыйшліся даспадобы чытачам. Відэарадок апавядаў пра біяграфію Івана Дарафеевіча, яго асабісты, творчы і грамадскі шлях, літаратурныя пошукі, смеласць, адданасць слову, краіне і людзям.

Рамантычную атмасферу дапамагла стварыць Надзея Салейка, вядомая ў горадзе аматарка народнай культуры – яна спявала па-беларуску пра родныя мясціны. Кіраўнік і ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання імя Анатоля Іверса, створанага пры газеце “Слонімскі веснік”, расказвалі пра тое, як паўплываў на іх жыццё інтэлігент і дыпламат Іван Міско, дэкламавалі свае вершы-прысвячэнні яму і дэманстравалі публікацыі маладога Іверса ў ваеннай перыёдыцы.

Гэта была цудоўная сустрэча пакалення паэтаў з маладымі людзьмі. Хочацца верыць, што дзяўчаты і хлопцы змаглі адчуць подых той прыгожай эпохі і натхніцца на больш цеснае знаёмства з творчасцю слыннага сына слонімскай зямлі Анатоля Іверса.

Алена ЮШКЕВІЧ

Поделиться