У рамках акцыі “Да суседзяў” і 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці навучэнцы ДУА “Касцянёўская базавая школа Слонімскага раёна” разам з настаўнікамі наведалі вядомыя гісторыка-культурныя помнікі горада Гродна, пазнаёміліся з дзіўнымі відамі жывёл і птушак Гродзенскага заалагічнага парку, упэўніліся, што гэты старажытны горад захоўвае вялікую колькасць сюрпрызаў для дапытлівага вока. Што ні дом, то будынак XV—XVIII стагоддзяў.
Першыя крокі па Савецкай плошчы – і перад вачыма адкрыўся Фарны касцёл, або Сабор Святога Францыска Ксаверыя, адзін з трох храмаў Беларусі, які носіць ганаровы тытул малая базіліка. Літаральна некалькі крокаў у левы бок – прад дзіцячымі вачыма паўстала аптэка-музей. Гэта самая старая з захаваных аптэк у нашай краіне, якая была пабудавана яшчэ іезуітамі ў 1709 годзе, але працуе і сёння. Музей прывабіў сваімі старажытнымі экспанатамі, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення аптэкарскай справы ў Гродна.
Прайшлі ўздоўж берага Нёмана, не паленаваліся, узняліся па каменных прыступках да Барысаглебскай царквы, храма XII стагоддзя. Тут адчулі нейкае душэўнае заспакаенне. Не маглі не захапіцца дэкаратыўнымі ўстаўкамі з адпаліраваных гранітных і гнейсавых валуноў на фасадах царквы, дакрануліся да старажытных сцен, а можа, тым самым дакрануліся і да гісторыі роднага краю.
Па дарозе да заалагічнага парку не маглі не спыніцца побач з пажарнай вежай XIX стагоддзя, якая на той час была самым высокім будынкам у горадзе. Калі ўзнялі вочы ўгару, заўважылі цікавую асаблівасць каланчы – маштабная намаляваная карціна, дзе пры дапамозе яркіх фарбаў расказваецца гісторыя развіцця пажарнай справы ў нашай краіне.
Здзейсніўшы падарожжа па ціхіх вузкіх вулачках Гродна, пазнаёміліся з помнікам Антонію Тызенгаўзу, былі зачараваны асенняй прыгажосцю невялічкага кавалачка Швейцарыі, так званага парка Жылібера, яго арыгінальнымі скульптурамі, каваным парасонам, мосцікамі, фантанам.
Доўгачаканая сустрэча з жыхарамі Гродзенскага заапарку, ветлівымі, смешнымі, непрадказальнымі, прынесла не толькі асалоду, але і памножыла веды навучэнцаў пра дзікіх жывёл і птушак не толькі роднай Беларусі, але і экзатычных краін.
Падарожжа ў старажытную Гародню, цікавае, займальнае, змястоўнае, яшчэ раз нагадала вучням, у якой багатай гісторыяй краіне ім пашчасціла нарадзіцца.
Аўтар нататкі Куляшова Наталля Аляксееўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Касцянёўская базавая школа Слонімскага раёна”





