Шматдзетныя бацькі Андрэй і Алена Лагуцік – прадстаўнікі КСУП “Дружба-Агра” – сталі пераможцамі раённага этапа рэспубліканскага праэкта «Уладар сяла», дзе сем’і, якія жывуць і працуюсь у весцы, спаборнічаюць за тытул лепшых гаспадароў.

 

Пабачыць мерапрыемства на свое вочы і паслухаць канцэрт, які падрыхтавалі работнікі культуры ў перапынках паміж конкурсамі, прыйшлі вяскоўцы з усей Сянькоўшчыны – менавіта тут на беразе возера і развярнулася пляцоўка з імправізаванай сцэнай і гаспадарчымі падворкамі. Ногі не ведалі, куды ісці, а вочы – што глядзець: тут табе і дэгустацыя свежага малака, сыра, печыва, і спевы з танцамі пад баян, і прыгожыя цыганкі з гаданнем, і народныя абрады на шчасце і дабрабыт, і катанне на лодках з супрацоўнікамі МНС, і вырабы дэкаратыўныя на любы густ і, галоўнае, рамантыка весачкі, дзе ў кожным куточку ўзгадваецца нешта цеплае і добрае, нешта з самага дзяцінства.

Прысутнічалі на свяце і госці, якія ўвайшлі ў склад журы, – Тэрэса Вацлаваўна Юшкевіч, намеснік старшыні райвыканкама, Наталля Станіславаўна Юнчыц, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі, Галіна Васільеўна Данільчык, начальнік аддзела культуры, Ігар Аляксандравіч Рыжко, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі, Алена Генадзьеўна Барысевіч, першы сакратар РК ГА БРСМ і Аляксандр Мікалаевіч Зінчанка, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Сямейны конкурс не быў падобны да тых, дзе жыве канкурэнцыя, нядобрыя погляды ці жаданне стаць першым, нягледзячы ні на што. Сем’і ўжо перамаглі ў жыцці, выцягнуўшы шчаслівы квіток, – нарадзілі дзяцей, наладзілі быт, вынайшлі формулу гарманічных адносінаў. Вяселыя і добразычлівыя, яны шчыра дэманстравалі вопыт сямейнага жыцця, былі задавольнены сваім ўдзельніцтвам у свяце таленту і гучна падтрымлівалі адзін аднаго, пляскаючы ў далоні.

 

У гэтым годзе на тытул “Уладар сяла” прэтэндавалі 5 сям’яў. Акрамя пераможцаў – прадстаўнікоў КСУП “Дружба-Агра” Андрэя і Алены Лагуцік з сынамі Уладзіславам і Ягорам, а таксама маленькай прыгажуняй  Дамінікай, – у спаборніцтве прымалі ўдзел Аляксандр Машлетаў і Наталля Галенка з дзеткамі Алесяй і Русланам з Сялявіч, прадстаўнікі КСУП “Імя Дзяржынскага”;  Ігар і Аксана Жыліны з сынамі Артурам і Кірылам з Дзераўной; Віталь і Юлія Крупнік з дачушкамі Таццянай і Анастасія з Жыровіч; Барыс і Марына Ляшчэвічы з дачкой Вікторыяй і сынам Алегам, прадстаўнікі КСУП “Імя Суворава”.

Па задумцы арганізатараў, а гэта традыцыйна РК ГА БРСМ, конкурсная праграма складалася з шасці іспытаў – творчых, спартыўных і гаспадарчых. Ужо ў першай візітцы канкурсанты распавядалі пра побыт, традыцыі і звычаі сваёй сям’і, а таксама показвалі гасцям творчыя работы ў розных тэхніках прыкладнога мастацтва, арганізавалі выставу сваіх дасягненняў. Наступныя этапы ўключалі сельскія заняткі, напрыклад, нарыхтоўка дроў ці нагляд за жывеламі, дзе канкурсанты запрагалі і распрагалі каня. Майстэрства рамесніка гаспадары дэманстравалі, калі выраблялі кухонную дошку па прапанаваным арганізатарамі эскізу у конкурсе “Майстар”.

Члены раённага журы ўзнагародзілі кожную сям’ю за выдатныя вынікі на розных этапах, адзначылі вельмі добры ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў, а пераможцы і ўвогуле пакарылі сэрцы. Спадзяемся, што нашыя Лагуцікі спадабаюцца і журы абласному.

Алена ЮШКЕВІЧ, Таццяна ДЗЕНІСЮК

Поделиться