Адзін з сучасных паэтаў сказаў: “Яны для нас – жыцця старонка, а мы для іх – само жыццё…” Гэтыя словы вельмі трапна перадаюць узаемаад­носіны чалавека з нашымі малодшымі сябрамі – свойскімі жывёламі. Ме­навіта сабакі і каты былі першымі спа­дарожнікамі жыцця людзей у гісторыі развіцця чалавецтва, суправаджалі іх і падтрымлівалі. Гэтыя звыклыя невя­лікія жывёлы прыносяць практычную карысць у гаспадарцы, дапамагаюць адаптавацца ў грамадстве людзям з фізічнымі недахопамі, з’яўляюцца выратавальнікамі альпіністаў і дапама­гаюць супрацоўнікам праваахоўных ор­ганаў. А як упрыгожвае жыццё адзінокім і састарэлым людзям іх сябар – каток ці сабачка! Але і моладзь хіліцца да жывога. Мне захацелася даведацца, як ставяцца да свойскіх жывёл мае вучні. У анкетаванні прымалі ўдзел 25 вучняў 5-9 класаў. 80% падлеткаў ма­юць ката або сабаку, 60% вучняў маглі б падабраць жывёлу з вуліцы. Ніхто з рэспандэнтаў не змог бы выгнаць свайго любімца з дому. 100% вучняў лічаць, што бяздомных жывёл нельга знішчаць, а неабходна ствараць для іх прытулкі. І ўсе адказалі, што лю­бяць і беражліва ставяцца да жывой прыроды. Чаму ж у далейшым наша грамадства становіцца раўнадушным і жорсткім? Гэтая праблема хвалюе ўсіх неабыякавых людзей. У першую чаргу ўздымае яе мастацкая літаратура.

У нашым сучасным грамадстве існуе многа актуальных праблем, звя­заных з узаемаадносінамі “чалавек – жывёльны свет”. Сярод іх асабліва вызначаецца праблема знішчальных адносін пэўнай часткі насельніцтва да жывёльнага свету, праблема жор­сткасці падрастаючага пакалення ў адносінах да жывёл і раслін. Асабліва актуальная ў наш час апошняя пра­блема, калі сярод падлеткаў лічыцца вартым гонару скалечыць або забіць жывёлу ды яшчэ зняць гэтае жахлівае відовішча на камеру.

У школьную праграму ўключана шмат твораў на тэму “чалавек – пры­рода”. І ў творах, і ў жыцці дзеці суты­каюцца з жорсткасцю і атрымліваюць псіхалагічную траўму. Так, галоўная гераіня апавядання І. Пташнікава “Алені” Ірка, даведаўшыся, што алень, якога яна падкармлівала, загінуў ад ча­лавечай жорсткасці, цяжка захварэла. Беларускі крытык Серафім Андраюк пісаў: “Тое хараство жыцця, якое ўва­саблялі алені, жорстка разбураецца, уцякае ад яе, магчыма, назаўсёды. Развязка твора, смерць старога але­ня, – уварванне ў свет прыгажосці, гармоніі чэрствай, бяздушнай прозы. І не толькі. У гэтым апавяданні, мабыць, упершыню ў творчасці пісьменніка так этычна аголена выявіўся цэнтральны для яго творчасці канфлікт, а менавіта – вострая, непрымірымая барацьба розных адносін да жыцця. Да наваколь­нага свету, да прыроды: прагматычна-спажывецкіх і бескарыслівых, твор­ча-паэтычных”. І сучасны падлетак, упершыню ўбачыўшы, як дарослыя выкідваюць на вуліцу бездапаможнае кацяня, як яго бацькі б‘юць сабаку, ад­чувае шок. А пасля прывыкае…

Аднак ёсць іншыя прыклады. Такім з‘яўляецца апавяданне Янкі Маўра «Багіра». У яго аснову пісьменнік паклаў звычайны жыццёвы выпадак, які мог здарыцца і ў вёсцы, і ў вялікім горадзе, дзе трапляюцца бадзяжныя каты, выкінутыя на вуліцу нядбалымі і чэрствымі гаспадарамі, якім для сябе або дзяцей у сучаснай кватэры была патрэбна жывая цацка-забава. Аса­бліва часта мы бачым гэта апошнім часам, калі з’явілася мода заводзіць катоў і сабак, а то і экзатычных істот з далёкіх паўднёвых краін, каб потым, нацешыўшыся, выгнаць на чужы і ха­лодны гарадскі асфальт.

Янка Маўр, арыентуючыся на юнага чытача, закладае ў аснову апавядання выхаваўчую ідэю. Ён хоча, каб дзеці праз вобраз кошкі Багіры зразумелі, што звер, які побач з намі, – гэта жы­вы і непаўторны свет, поўны дабрыні і міласэрнасці, як і свет чалавечы. Гэты літаратурны твор закладвае трывалую маральную аснову ў дзяцей, яны становяцца дабрэйшымі душой і больш чулымі сэрцам, здольнымі да суперажывання.

Вобразы жывёл са згаданых тво­раў сведчаць пра тое, што сучаснаму грамадству неабходна клапаціцца і аб экалогіі прыроды, яе жыхароў, і аб экалогіі чалавечай душы. Асабліва гэта датычыцца нашай будучыні – дзяцей і падлеткаў.

Літаратура пра жывёл выконвае вельмі шмат функцый. У нашым скла­даным жыцці чалавек чарсцвее душой і становіцца жорсткім у адносінах да слабейшых: дзяцей, старых, жывёл… Варта толькі выйсці на вуліцу і азірнуц­ца, і можна ўбачыць дзясяткі худых, змучаных, хворых жывёл-пакутнікаў, з якімі пагулялі і выкінулі, як надакучыў­шую цацку.

Значыць, грамадства наша раўнад­ушнае і абыякавае, і кожнае наступнае пакаленне ўсё больш чэрствае…Каб чалавек стаў лепшым, не забываўся пра міласэрнасць у адносінах да жы­вёл, не страціў свае душэўныя якасці, выдаюцца мастацкія творы анімалі­стычнага накірунку. І хочацца верыць, што сэрцы неабыякавых людзей ад­гукнуцца на іх. Таму анімалістычная літаратура ўзвышае наша грамадства, ачышчае яго духоўна, застаўляе ча­лавека задумацца над многім, а гэта значыць, што творы анімалістычнага накірунку маюць высокі выхаваўчы патэнцыял і заўсёды актуальныя. І не­абходна заахвочваць моладзь чытаць гэтыя творы, а самае галоўнае – самім быць прыкладам правільных адносін да жывой прыроды…

Вольга АЛЯКСЕЙЧЫК, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Вялікашылавіцкага ЯСБШ

Поделиться