Дрыжыць прастор нябёс грамовых.
У родны край ідзе вясна.
Я зноў пра мову, зноў пра мову –
Яна, як маці, у нас адна.
Леанід Дайнека
У свеце вельмі многа розных моў, але толькі адна з іх родная. Менавіта яна для чалавека самая прыгожая, любімая і дарагая. І кожны год 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы людзі прызнаюцца ў любові да матчынага слова.
Не засталіся абыякавымі да свята роднай мовы і навучэнцы ДУА “Касцянёўская базавая школа Слонімскага раёна”. На працягу святочнага Тыдня наладжаны разнастайныя мерапрыемствы: тэатралізаваная замалёўка “О край мой родны! Усёй душою хачу злучыцца я з табою…”, арт-праект “Беларусь мая, сінявокая”, паэтычная галерэя “Беларуская мова – мелодыя душы”, свая гульня “З любоўю да роднага слова”, вернісаж “Пазнай старонку любую”, бібліятэчная гадзіна “Мая мова самая лепшая!”.
Вучні з гонарам расказваюць аб тым, што ім у спадчыну засталася незвычайная мова, жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, мова бацькоў і дзядоў, вялікі нацыянальны скарб.
Родная мова шмат не патрабуе. А калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе, – павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак! Думай, размаўляй па-беларуску, шануй і любі сваю родную мову!
Аўтар Куляшова Наталля Аляксееўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Касцянёўская базавая школа Слонімскага раёна”